Выстава "Нам засталася спадчына" (да 100-годдзя ўтварэння БССР)

28.12.2018 10:00
20.01.2019 17:00

У Музеі беларускага кнігадрукавання рыхтуецца выстава, прымеркаваная да 100-годдзя абвяшчэння БССР.

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі ў пачатку ХХ ст., абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнання права беларускага народа на самавызначэнне і дзяржаўнасць. Паўночна-заходняя канферэнцыя РКП(б), якая адбылася ў Смаленску, абвясціла стварэнне Беларускай ССР, у склад якой увайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская, Смаленская, а таксама асобныя раёны Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў.

Сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня Зміцер Жылуновіч – Цішка Гартны. Маніфестам ад 1 студзеня 1919 г. было абвешчана ўтварэнне Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
З асноўнымі падзеямі 1919 г. і пазнейшых часоў выстава знаёміць праз друкаваныя выданні, юбілейныя значкі, медалі ды іншыя прадметы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Выстава пачынае працу 28 снежня 2018 г. і прадоўжыцца да 20 студзеня 2019 г.