Выстава «Галасы Заходняй Беларусі» (да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР)


Гэтай восенню спаўняецца 80 гадоў такой значнай для гісторыі Беларусі ХХ ст. падзеі, як ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.

Як вядома, 1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу, што стала пачаткам Другой сусветнай вайны. 17 верасня Чырвоная армія са свайго боку перайшла польскую мяжу і да канца месяца заняла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, якія на працягу амаль 20 год уваходзілі ў склад Польшчы. Гэта абярнулася трагедыяй для тысяч заходніх беларусаў, якія адчулі на сабе ўвесь цяжар сталінскай сістэмы рэпрэсій. Але гэта зусім іншая тэма.

Пра тое, як жыла і змагалася за свае правы Заходняя Беларусь — тая частка тэрыторыі Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1919—1921 гг. была захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 г. трапіла ў яе склад — расказвае наша выстава. Нягледзячы на супрацьдзеянне польскіх улад, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ствараліся беларускія палітычныя і асветныя арганізацыі, школы, гімназіі, выдавецтвы, выходзілі кнігі, газеты і часопісы. Выстава нагадвае пра заходнебеларускіх паэтаў Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Піліпа Пестрака, Міхася Васілька; пра дзейнасць Браніслава Тарашкевіча, Ігната Дварчаніна, Рыгора Шырмы, Зоські Верас. У экспазіцыі прадстаўлены кнігі Янкі Брыля, Аляксея Карпюка, Вячаслава Адамчыка і іншых нашых таленавітых пісьменнікаў, звязаных лёсам і творчасцю з Заходняй Беларуссю.