Віртуальная выстава "Служэнне роднаму слову"

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) – штогадовае свята, якое адзначаецца 21 лютага з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці, заахвочвання шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Свята была заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г. па прапанове Бангладэш і адзначаецца з 2000 г.

Дата 21 лютага была выбрана таму, што ў гэты дзень у 1952 г. загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за прызнанне бенгальскай мовы ў якасці дзяржаўнай ва ўсходнім Пакістане, які з 1971 г. стаў асобнай дзяржавай Бангладэш. (Гэты дзень адзначаецца ў Бангладэш як дзень памяці пра падзеі 1952 г.).

Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6-ці тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Нялёгка складваўся лёс і беларускай мовы, якая спазнала і росквіт, і перыяды заняпаду і знішчэння.

Музей беларускага кнігадрукавання традыцыйна ладзіць да гэтага дня выставу, прысвечаную тым асобам, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню роднаму Слову. Дадзеная віртуальная выстава прадстаўляе беларускіх пісьменнікаў, юбілеі якіх мы адзначаем у 2020 г.

Сярод іх як нашы старажытныя асветнікі Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, пісьменнік ХІХ ст. Францішак Багушэвіч, так і творцы, якія з'явіліся на свет у ХХ ст. і працягваюць жыць і працаваць у ХХІ-м.

Выстава на працягу каляндарнага года будзе абнаўляцца і дапаўняцца.