Да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі

Музей беларускага кнігадрукавання разлічаны не толькі на дарослых, хоць у яго 15-ці залах захоўваецца вялікая колькасць сур'ёзных і каштоўных кніг. Шмат цікавага тут могуць для сябе знайсці і маленькія госці. Яшчэ 400 гадоў таму пачалася гісторыя нашых самых любімых кніжак — школьных падручнікаў. Знаёміць музей і з тым, якім было школьнае жыццё стагоддзі таму. Мноства цікавых кніжак для дзяцей было выдадзена на працягу ХХ ст.
Але найбольш яркія і незвычайныя выданні для юных чытачоў выходзяць у наш час. Так, у адной з вітрын музея сабраны самыя разнастайныя формы кніг: кніга-лялька, кніга-піяніна і нават кніга-паплавок... Усе яны — пераможцы конкурсу «Мастацтва кнігі», які праводзяцца ў Беларусі штогод, а лепшыя з лепшых перадаюцца потым у Музей кнігадрукавання.
Вялікую ўвагу надаюць супрацоўнікі музея гучанню роднага слова. Наша знаёмства з кніжным светам пачынаецца яшчэ ў дзяцінстве, і лепей, калі гэта кніжка на роднай мове. Выстава «У родным Слове — цэлы Свет» пачынаецца менавіта з такіх выданняў. Тут можна пабачыць лепшыя творы сусветнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Гэта і «Мауглі» Р. Кіплінга, і «Піпі Доўгаяпанчоха», а таксама «Карлсан з даху» А. Ліндгрэн і славутая «Аліса» Л. Кэрала. Прадстаўлена і самая перакладаемая ў свеце кніга (пасля Бібліі) — «Маленькі прынц» А. Сэнт-Экзюперы. Але зараз з ім, мабыць, ужо пачынае канкурыраваць «Гары Потэр». Беларускія пісьменнікі пераклалі гэтыя ўсімі любімыя кнігі, а лепшыя беларускія мастакі аздобілі іх цудоўнымі малюнкамі.
Зараз канікулы — самы спрыяльны час для чытання. Віншуем усіх з Міжнародным днём дзіцячай кнігі і жадаем прыемных знаёмстваў і дзівосных адкрыццяў на кніжных старонках.

1123