Экспазіцыя Музея

Экспазіцыя Музея беларускага кнігадруквання створана дзякуючы добрай волі і намаганням многіх людзей. У зборы экспанатаў прымалі ўдзел кнігазнаўцы, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі буйнейшых бібліятэк і музеяў былога СССР, у тым ліку А. Мальдзіс, А. Петрашкевіч, В. Чамярыцкі, Л. Уладзіміраў, А. Цеханавецкі, М. Нікалаеў. Вялікую ролю ў фарміраванні музейных фондаў адыграў багаты кнігазбор журналіста А. Матусевіча. Над мастацкім рашэннем экспазіцыі працавалі мастакі С. Дзмітрыеў і І. Куржалаў. Сёння ў Музеі ў 15 залах прадстаўлена каля 1400 экспанатаў.

Першая зала Музея знаёміць з тымі асобамі, якія стаялі ля вытокаў беларускай кніжнасці.

Экспазіцыя другой залы знаёміць з матэрыяламі для пісьма і старажытнымі формамі кнігі, а таксама з помнікамі пісьменства ўсходніх славян.

Наступная зала прысвечана паперы, стварэнню кнігі-кодэкса і фарматам кнігі.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі знаёміць са старажытнымі беларускімі рукапіснымі кнігамі, іх рэпертуарам, працэсам стварэння рукапісаў і спосабам іх аздаблення.

Асобная зала музея прысвечана аднаму з самых знакамітых беларусаў і самаму, напэўна, знакамітаму палачаніну – Францыску Скарыну.

Для візуалізацыі працэсу стварэння першых друкаваных кніг у музеі прадстаўлена рэканструкцыя друкарні XVII–XVIII стагоддзяў.

Значны экспазіцыйны раздзел знаёміць з развіццём беларускай кнігавыдавецкай справы ў XVI–XVIII стагоддзях.

Экспанаты наступнай залы прысвечаны навуковаму вывучэнню жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны.

Асобны экспазіцыйны раздзел распавядае наведвальніку пра мастацкае аздабленне кнігі.

Тыпам і відам друкаванай прадукцыі, а таксама развіццю беларускай выдавецкай справы ў пачатку XX стагоддзя прысвечана асобная зала музея.

Паліграфічнае абсталяванне XX стагоддзя займае пачэснае месца ў адной з музейных залаў.

Лепшыя кнігі Беларусі – пераможцы конкурсу «Мастацтва кнігі», у тым ліку выданні для самых маленькіх чытачоў, прадстаўлены ў заключным раздзеле экспазіцыі.