"АД МІНУЛАГА ДА СУЧАСНАСЦІ": красавік – чэрвень

140 гадоў з дня нараджэння Язэпа Дылы

Пісьменнік і грамадскі дзеяч Язэп Лявонавіч Дыла (1880–1973) нарадзіўся 2(14) красавіка ў Слуцку. Бацька служыў канцылярскім пісарам, паштовым чыноўнікам. Вялікі ўплыў на развіццё будучага пісьменніка аказала матчына маці, бабуля Дамініка, якая ведала мноства песень і казак, а таксама родзічы па бацькоўскай лініі, асабліва «апошні слуцкі батлеечнік», стрыечны бацькаў брат Нічыпар Дыла. Яшчэ вучнем гімназіі пазнаёміўся з Альгердам Абуховічам.

Слуцкую гімназію Язэп скончыў у 1898 г. і на наступны год паступіў у Юр'еўскі (цяпер Тарту) ветэрынарны інстытут, з якога на трэцім курсе быў выключаны без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы за ўдзел у антыўрадавых выступленнях.

У 1903–1904 гг. працаваў у рэдакцыі мінскай газеты «Северо-Западны край». У 1905 г. вёў нелегальную работу сярод сялян па заданні Мінскага камітэта РСДРП. У 1906–1918 гг. працаваў у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. Быў знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, А. Калантай, працаваў разам з Ц. Гартным, добра ведаў Я. Купалу, Я. Коласа.

Пасля абвяшчэння БССР быў членам Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі – камісарам працы (студзень – люты 1919 г.).

У 1921–1923 гг. – старшыня Цэнтрабелсаюза. Працаваў старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі БССР. У 1924 г. – намеснік старшыні камісіі па раяніраванні БССР. З лістапада 1924 г. – сапраўдны член і вучоны сакратар Інстытута беларускай культуры, у 1925–1927 гг. – дырэктар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (т. зв. БДТ-1 – цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва пры Інбелкульце, намеснік загадчыка Белдзяржкіно па літаратурнай частцы. Быў членам ЦВК БССР.

У 1930 г. арыштаваны і ў 1931 г. асуджаны на высылку з Беларусі. Жыў і працаваў у Саратаве. У 1938 г. зноў арыштоўваўся. Рэабілітаваны ў 1957 г. Памёр 7 красавіка 1973 г.

Як пісьменнік дэбютаваў у 1912 г. у «Нашай ніве» (абразок «Перад раніцаю» і верш «Вечар ясны, ціхі...»). Публікаваў у перыядычным друку апавяданні, вершы, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі.

Аўтар п'ес «Панскі гайдук» (пастаўлена ў 1924), «Падуанскі студэнт» (не закончана), «Юнак з Крошына» (1965), рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (не закончаны), гістарычнай аповесці «Настасся Мякота» (1968; пазнейшая назва «У імя дзяцей»), успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Райніса, прац аб тэатральным жыцці Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст., шэрагу твораў для дзяцей. Перакладаў на беларускую мову вершы М. Канапніцкай.

У 1981 г. выйшла кніга «Творы».

Незакончаная п'еса Я. Дылы пра Скарыну «Падуанскі студэнт», а таксама раман «На шляху з варагаў у грэкі» і аповесць «У імя дзяцей» былі апублікаваны ў штогодніку гістарычнай літаратуры «Бацькаўшчына» (1990).

Артыкулы Я. Дылы мы знаходзім у зборніках «Любімы паэт беларускага народа» (1960) – пра Я. Коласа; «Пачынальнікі» (1977) – пра А. Абуховіча; «Успаміны пра Цішку Гартнага» (1984) і іншых выданнях, якія захоўаюцца ў фондах музея-запаведніка.


120 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі; 1900–1944) – празаік, драматург, публіцыст – нарадзіўся 24 чэрвеня у маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Бацькі служылі парабкамі ў пана Э. Вайніловіча. Калі хлопчыку было 8 гадоў, яны пераехалі ў Цімкавічы. Бацька зарабляў цяслярствам, маці выхоўвала пяцёра дзяцей.

Пасля заканчэння Цімкавіцкага народнага вучылішча будучы пісьменнік вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916–1919), працаваў у валасным рэўкоме, у Слуцкім павятовым ваенкамаце, настаўнічаў. У 1923 г. паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (скончыў два курсы).

У 1924–1928 гг. працаваў у газеце «Беларуская вёска». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», у 1926–1931 гг. – старшыня «Узвышша». У 1932–1937 гг. – галоўны літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР.

У кастрычніку 1938 г. быў арыштаваны. Каля 8 месяцаў адседзеў у мінскай турме (з іх 6 – у камеры-адзіночцы), але быў адпушчаны на волю.

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, працаваў у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісе «Беларусь». Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся ў Мінск. У апошнія месяцы жыцця цяжка хварэў – адбіліся катаванні ў турме, недаяданне ў эвакуацыі. Памёр 22 кастрычніка 1944 г.

У друку выступаў з 1921 г. Аўтар шматлікіх апавяданняў, аповесцей «Лявон Бушмар», «Вясна», «Люба Лук'янская», «Насцечка», раманаў «Зямля», «Бацькаўшчына», «Трэцяе пакаленне» (1935) і інш.

Працаваў і ў жанры драматургіі. Выйшлі п'есы «Бацькаўшчына» (паст. у 1932), «Базылевічава сям'я», «Ірынка» (паст. у 1941).

Пераклаў на беларускую мову аповесці А. Пушкіна «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Дуброўскі», «Капітанская дачка», У. Караленкі «У благой кампаніі», Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка» (ч. 4), а таксама п'есы М. Гогаля «Рэвізор», А. Астроўскага «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне», М. Горкага «Апошнія» і «Варвары» і інш.

У фондах НПГКМЗ яго спадчына прадстаўлена шматлікімі (у тым ліку прыжыццёвымі) выданнямі. Гэта «Апавяданні» (1925), «Срэбра жыцця» (1925), «Па дарозе» (1926), «Пачуцці» (1926), «Хвоі гавораць» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Выбраныя творы» (з серыі «Школьная бібліяэка», 1934), «Як дзядзька Тамаш напалохаў ваўкоў» (1941), «Герой Совецкага Союза Ціхон Піменавіч Бумажкоў» (1943).«Выбраныя творы» (з серыі «Выбраныя творы беларускай совецкай літаратуры. 1917–1947», 1947), «Бацькаўшчына» (1957), «Выбраныя творы» (з серыі «Беларускі кнігазбор», 2000), «Пошукі будучыні» (серыя «Школьная бібліятэка», 2001), «Вераснёвыя ночы» (серыя «Беларуская проза ХХ ст.», 2003).

А таксама выданні, прысвечаныя жыццю і творчасці К. Чорнага: «Кузьма Чорны. 1900–1944» (1954), Кудраўцаў І. «Кузьма Чорны» (1956), Адамовіч А. «Шлях да майстэрства: станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага» (1958), «Кузьма Чорны. Зборнік матэрыялаў» (1959), Булацкі  Р.В., Сачанка І.І. «Кузьма Чорны – публіцыст» (1972), Тычына М. «Кузьма Чорны» (1973), «Кузьма Чорны: альбом-выстаўка у школе» (1979) і інш.

У 1954–1955 гг. выйшаў «Збор твораў» у 6-ці тамах, у 1972–1975 гг. – «Збор твораў» у 8-мі тамах. У «Зборах твораў» былі змешчаны раманы «Сястра», «Ідзі, ідзі», «Трыццаць год», «Пошукі будучыні», аповесць «Скіп'ёўскі лес» і іншыя творы, якія да гэтага асобнымі выданнямі не публікаваліся.

Некаторыя кнігі ўтрымліваюць дароўныя надпісы пісьменніка, адрасаваныя журналісту А. Матусевічу з якім яны разам працавалі ў «Беларускай вёсцы». Менавіта з калекцыяй Алеся Матусевіча каштоўныя выданні і трапілі ў музей.


120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі

Уладзімір Адамавіч Жылка (1900–1933) нарадзіўся 27 мая ў вёсцы Макашы Навагрудскага павета (цяпер Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Бацька, Адам Восіпавіч, родам з Капыльшчыны, яшчэ юнаком пайшоў з дому ў заробкі, займаўся цяслярствам, некаторы час быў сядзельцам манаполькі ў Макашах. Маці, Таццяна Мікалаеўна, займалася выхаваннем дзяцей, якіх было ў сям'і чацвёра.

У 1914 г. (Уладзімір к гэтаму часу паспеў скончыць гарадское вучылішча ў Міры) сям'я пераехала ў Мінск, дзе бацька ўладкаваўся прадаўцом у царкоўную краму. У. Жылка, паслухаўшы парады адукаваных матчыных братоў, паступіў у 1915 г. у Багародзіцкае агранамічнае вучылішча ў Тульскай губерні. У гэты час сям'я апынулася там у якасці бежанцаў. У 1917 г. разам з бацькам вярнуўся ў Мінск і адразу ўключыўся ў беларускі культурна-асветны рух. Стаў членам клуба «Беларуская хатка», пазнаёміўся з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам. Працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Мінскам (1918–1919). У 1920 г., захварэўшы на туберкулёз, выехаў з галоднага Мінска да бацькавай радні ў вёску Клецішча, а потым перабраўся да матчыных сваякоў у вёску Падлессе. Пасля Рыжскага міру апынуўся ў Польшчы, зблізіўся з паўстанцамі, якія дзейнічалі на Нясвіжчыне, пісаў лістоўкі, адозвы, вершы, падтрымліваў сувязь з прагрэсіўным беларускім друкам у Вільні – «Беларускімі ведамасцямі», «Нашай думкай», якія выдаваў М. Гарэцкі. Пасябраваў з лідарамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі Л. Родзевічам і братамі Канчэўскімі. Працаваў у Вільні ў Беларускай кнігарні. Летам 1922 г., каб пазбегнуць прызыву ў войска генерала Жалігоўскага, выехаў у Латвію. Вучыўся ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, а ў лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхію, дзе быў залічаны на гісторыка-філалагічны ўніверсітэт Карлава ўніверсітэта. Прымаў удзел у выданні часопіса беларускага студэнцтва «Перавясла», стаў прызнаным ідэолагам студэнцкага руху, рэдагаваў часопіс «Прамень».

У 1926 г. як рэдактар часопіса паехаў у Мінск, каб паўдзельнічаць у навуковай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Там прыняў савецкае грамадзянства і застаўся працаваць у газеце «Звязда», дзе рыхтаваў літаратурныя старонкі. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пазней перайшоў да «Узвышша». Выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме, дапамог перакласці на беларускую мову і паставіць сіламі студэнтаў оперу «Фауст».

У пачатку 1930 г. быў арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Уржум Кіраўскай вобласці. Памёр ад туберкулёзу 1 сакавіка 1933 г. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Выступаць у друку з вершамі пачаў у 1920 г. Вядомасць прынеслі выдадзеныя ў Вільні паэма «Уяўленне» (1923) і зборнік вершаў «На ростані» (1924), а таксама зборнік «З палёў Заходняй Беларусі» (Мінск, 1927). Перакладаў творы Б. Ясенскага, А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера і інш.

Але значная частка творчай спадчыны паэта засталася ў рукапісах і перыядычных выданнях. Разам з тым, паэзія У. Жылкі зрабіла станоўчы ўплыў на рамантычную плынь паэзіі Заходняй Беларусі (Н. Арсеннева, М. Васілёк, А. Іверс), узбагаціла сімволіку, падняла інтэлектуальны ўзровень лірыкі. Рэха яго творчасці адчуваецца ў вершах Д. Бічэль, У. Караткевіча, А. Разанава.

У фондах музея захоўваецца зборнік «Вершы» (1970) з аўтографам дачкі пісьменніка Наталлі, якая жыла ў Полацку. А тасама «Выбраныя творы» (серыя «Беларускі кнігазбор», 1998), «Матылі» (серыя «Школьная бібліятэка», 2009) і прысвечанае яму даследаванне У. Калесніка «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977).

 


115 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі

Пятро Усцінавіч Броўка (1905–1980) нарадзіўся 25 чэрвеня ў вёсцы Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Ушацкага раёна Віцебскай вобласці). У сям'і было дзевяць дзяцей, а зямлі – дзве з паловай дзесяціны. Жылі бедна. Бацька, Усцін Адамавіч, мог майстраваць куфры, шафы і зарабляў гэтым. Дзеці таксама з малых гадоў браліся за работу.

Пятрусь скончыў у Лепелі царкоўна-прыходскую школу і вышэйшае пачатковае вучылішча. А ў 1918 г., трынаццацігадовым, ужо працаваў перапісчыкам ў Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце. Быў справаводам валвыканкама, потым рахункаводам у саўгасе. Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У 1923 г. быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 г. – старшынёй Маладолецкага сельсавета. Змагаўся з самагоншчыкамі, займаўся культасветнай працай. З захапленнем чытаў і сам пачаў пасылаць допісы ў газеты «Бядняк», «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Быў запрошаны на 1-шы з'езд селькораў Беларусі, але не змог паехаць – не было сродкаў на дарогу.

У 1925 г. быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт камсамола. У 1927–1928 гг. – адказны сакратар акруговай газеты «Чырвоная Полаччына».

У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Уваходзіў у «Маладняк». У 1940 г. быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партызанскім друку. Яго маці, Алена Сцяпанаўна, у час нямецкай акупацыі была вывезена ў Асвенцім, дзе і загінула.

З 1943 г. – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 г. – зноў галоўны рэдактар «Полымя». У 1948 г. абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1967–1980 гг. – галоўны рэдактар «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1959 г. як дэлегат ад БССР прымаў удзел у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947–55) і СССР (1956–80).

Памёр 24 сакавіка 1980 г.

Званні і ўзнагароды: Народны паэт БССР (1962). Акадэмік АН БССР (1966), Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972), Ганаровы грамадзянін Мінска (1980), Лаўрэат Сталінскіх прэмій (1947 і 1950), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі» (1959), Ленінскай прэміі (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1969) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі»; узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, одэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі. Яго імя прысвоена выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Друкавацца пачаў у 1926 г. у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне». Аўтар каля 30-ці кніжак вершаў і паэм, а таксама кніжак для дзяцей, нарысаў, апавяданняў, аповесці «Каландры», рамана «Калі зліваюцца рэкі», лібрэта опер. Перакладаў на беларускую мову творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, У. Бранеўскага, Дж. Байрана.

Яго творы перакладзены на абхаскую, аварскую, азербайджанскую, алтайскую, англійскую, армянскую, балгарскую, башкірскую, венгерскую, грузінскую, даргінскую, іспанскую, казахскую, калмыцкую, каракалпацкую, кіргізскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, марыйскую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, славацкую, таджыкскую, татарскую, тувінскую, туркменскую, узбекскую, украінскую, фінскую, французскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую, якуцкую, яўрэйскую мовы.

У фондах музея-запаведніка захоўваецца значная колькасць выданняў П. Броўкі розных гадоў: «Каландры» (1931), «Кацярына» (1938), «Вершы і паэмы» (з серыі «Школьная бібліятэка», 1946), «Выбраныя творы» (Мінск, 1947), «Выбраныя творы» (1951), «Кацярына» (з серыі «Школьная бібліятэка», 1953), «Цвёрдым крокам» (1954), «Калі зліваюцца рэкі» (1957), «Збор твораў» у двух тамах (1957), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «А дні ідуць» (1962), «Наш музей» (паэма, 1962), «Высокія хвалі» (1962), «Калі ласка» (1972), «Ты – мая пчолка» (1972), «Што сэрца праспявала» (1973), «І днём, і ноччу» (1974), Пишу о сердце человечьем» (Масква, 1974), «Крыніца з-пад Вушачы» (з серыі «Беларуская паэзія ХХ ст.», Мінск, 2003) і інш.

Зборнікі «Вершы і паэмы» (з серыі «Школьная бібліятэка», 1940) і «Лірыка» (1972) можна пабачыць у асноўнай экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання.


100 гадоў з дня нараджэння Аляксея Карпюка

Аляксей Нічыпаравіч Карпюк (1920–1992) нарадзіўся 14 чэрвеня ў вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і. Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939–1941 гг. вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У гады вайны стаў партызанскім сувязным. Падчас выканання дыверсіі на чыгунцы трапіў у палон, быў адпраўлены ў Беласток, а потым у лагер Штутгарт (Прусія). Уцёк з лагера, арганізаваў партызанскі атрад імя К. Каліноўскага і стаў яго камандзірам.

У 1949 г. скончыў Гродзенскі педінстытут (аддзяленне англійскай мовы). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана, быў дырэктарам Біскупцкай школы Ваўкавыскага раёна, у Гродзенскім педінстытуце, у абласной газеце «Гродзенская праўда», уласным карэспандэнтам газеты «ЛіМ». У 1961 г. скончыў вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў загадчыкам агенцтва «Інтурыст» у Гродне, дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі (1977–1981). З 1978 г. сакратар абласнога аддзялення СП БССР.

Памёр 14 ліпеня 1992 г.

Узнагароджаны ордэнамі, медалямі, польскім залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».

Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1953 г. Дэбютаваў аповесцю «У адным інстытуце» (Полымя, 1953, № 5). У тым жа годзе было апублікавана і першае апавяданне, якое дало назву першай кнізе. Пісаў апавяданні, аповесці, раманы, нарысы. Асноўная тэматыка яго творчасці – жыццё ў былой Заходняй Беларусі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці.

Выйшлі кнігі «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (1960), «Пушчанская адысея» (1964, 2009), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Свежая рыба» (1978), «Выбраныя творы» ў 2-х тамах (1980). «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (1986), «Карані» (1988), «Выбраныя творы» (серыя «Беларускі кнігазбор», 2007), «Развітанне з ілюзіямі» (серыя «Гарадзенская бібліятэка»; 2008) і інш.


95 гадоў з дня нараджэння Лідзіі Арабей

Лідзія Львоўна Арабей (дзявочае прозвішча Качкоўская; 1925–2015) нарадзілася 27 чэрвеня 1925 г. у в. Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобл. Бацька, Леў Сцяпанавіч Качкоўскі, працаваў бухгалтарам у газеце «Беларуская вёска», маці, Марыя Антонаўна Махнач – выхавацелькай у Смілавіцкім дзіцячым доме. Бацька памёр у 1927 г., і маці пераехала ў Мінск, уладкавалася рахункаводам на завод «Ударнік». У 1932 г. будучая пісьменніца пачала вучыцца ў школе, да пачатку вайны скончыла 8 класаў.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Шчучыне (Гродзенская вобл.), выйшла замуж за А. Арабея. Муж быў расстраляны немцамі за сувязь з партызанамі. Пасля вызвалення (1944) працавала ў шчучынскай раённай газеце «Чырвоны сцяг».

З 1945 г. – у Мінску. Працавала сакратаром у старшыні СП БССР М. Лынькова, у рэдакцыі часопіса «Вожык» (адначасова вучылася ў вячэрняй школе), потым у газеце «Чырвоная змена», настаўнічала. У 1951 г. скончыла філалагічны факультэт БДУ, у 1954 г. – аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук (1958). Была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь» (1955–1967), літсупрацоўнікам часопіса «Полымя» (1967–1974).

Памерла 20 лютага 2015 г.

Літаратурную працу пачала ў 1945 г. Выступала як празаік, крытык, літаратуразнаўца.

У 1956 г. выдала крытыка-біяграфічны нарыс «Цётка (Алаіза Пашкевіч)», у 1959 г. – «Хвядос Шынклер». Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ларыса» (1964), «Ваўчкі» (1972), «Сярод ночы» (1968), «На другой зіме вайны» (1968), «Мне трэба ехаць» (1974), «Паласа дажджу» (1984), «Пошукі кахання» (1987); дакументальных аповесцей пра Цётку «На струнах буры» (1967), «Стану песняй» (1977); раманаў «Іскры ў папялішчы» (1970), «Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы» (1980); кнігі сатыры і гумару «Кватэра № 3» (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989), аповесць «Сіні бор» (1972). Выйшлі «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1985) і том «Выбраных твораў» у серыі «Беларускі кнігазбор» (2013).

 


90 гадоў з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча

Алесь (Аляксандр Лявонавіч) Петрашкевіч (1930–2012) нарадзіўся 1 мая ў вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Маці, Мар'я Іванаўна, была вядомай на Талачыншчыне ільнаводкай. Бацька, Лявонцій Іванавіч, – патомным дойлідам (загінуў у 1941 г.).

Да вайны Алесь скончыў 3 класы. У 1948 г. скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 г. – Коханаўскую сярэднюю школу. У 1955 г. скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў у ЦК камсамола, потым (з 1961 г.) у ЦК КПБ. Быў рэктарам Мінскага інстытута культуры (1975–1976).

З 1967 г. адказны сакратар, а затым намеснік галоўнага рэдактара «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», зноў вярнуўся на тую ж пасаду ў 1979 г. З 1991 г. кіраўнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць» пры Міністэрстве культуры і друку Рэспублікі Беларусь.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі».

Вядомы як драматург, а таксама празаік, публіцыст, кінасцэнарыст. Кандыдат гістарычных навук (1967). Літаратурную дзейнасць пачаў у 1955 г. з фельетонаў, нарысаў, памфлетаў. Першы мастацкі твор – сатырычнае апавяданне «Кары егіпецкія» (1965), з якога потым нарадзілася камедыя «Адкуль грэх» (1970).

Праблемы веку (алкагалізм, бюракратызацыя апарата кіравання, разбурэнне прыроды і інш.) паказаў у п'есах «Трывога», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» і інш. Распрацоўваў гістарычную тэматыку. Яго п'еса «Напісанае застаецца» (1979) прысвечана Францыску Скарыну, «Русь Кіеўская» («Гора і слава», 1983) – пра хрышчэнне Русі; «Змова» (1986) – пра падзеі 1917 г. Звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, партызанскага руху (трагедыя «Злавеснае рэха», 1984; «У спадчыну – жыццё», 1986). Тэме партызанскай і падпольнай барацьбы прывечаны пяцісерыйны тэлефільм «Час выбраў нас» (1976–78, сцэнарый А. Петрашкевіча і У. Халіпа). Аўтар лібрэта оперы «Новая зямля» паводле Я. Коласа, а таксама сцэнарыя навукова-папулярнага фільма «Францыск, сын Скарынін» (у фондах музея захоўваецца рукапіс сцэнарыя). Да гэтага ж вобраза А. Петрашкевіч звяртаецца ў гістарычнай драме «Прарок для Айчыны», па якой быў пастаўлены тэлеспектакль.

У экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання апрача выдання п'есы «Напісанае застаецца», аздобленага гравюрамі М. Басалыгі, можна пабачыць «Статут Вялікага Княства Літоўскага» 1693 г. на польскай мове, падараваны Алесем Петрашкевічам у 1990 г. да адкрыцця музея.


85 гадоў Анатолю Клышку

Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Наваградскім педагагічным вучылішчы (1949–1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце «Звязда». Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Быў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», працаваў інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959–1961), працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм» (1961–1963), пасля зноў у «Полымі», у выдавецтве «Юнацтва» (1981–1983).

У 1971–1980 гг. – супрацоўнік Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Друкавацца пачаў з 1950 г. (верш у навагрудскай газеце «Звязда»), у рэспубліканскім друку выступае з 1952 г. Аўтар шматлікіх крытычных артыкулаў, у якіх ён даследуе паэзію М. Багдановіча, В. Таўлая, П. Панчанкі, М. Танка, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна.

Але перш за ўсё мы яго ведаем як стваральніка БУКВАРА.

«Буквар» А. Клышкі быў створаны ў 1969 г. з улікам апошніх на той час дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. Ён вытрымаў 23 выданні. У 1977 г. з густам аформлены падручнік (мастак С. Кавалёў) атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Лейпцыгу як самая прыгожая кніга. Выданне займае ганаровае месца ў адной з залаў Музея беларускага кнігадрукавання.

Акрамя таго, А. Клышка складальнік «Пропісаў» для 1 класа (18 выданняў), чытанак для малодшых класаў «Чабарок», «Верасок» і інш.). Па яго «Букварах» для беларускіх, рускіх і польскіх школ вучыцца ўжо не адно пакаленне дзяцей. Многія падручнікі тасама з'яўляюцца лаўрэатамі нацыянальных конкурсаў «Мастацтва кнігі»:

«Elementarz» ( 2002) – Дыплом ІІ ступені «Мастацтва кнігі – 2003»,

«Буквар» (2003) – Дыплом ІІІ ступені «Мастацтва кнігі – 2004»,

«Буквар» (2008) – Дыплом пераможцы «Мастацтва кнігі – 2008»,

«Букварь» (2008) – Дыплом пераможцы «Мастацтва кнігі – 2008».

Не меншую каштоўнасць маюць кніжкі для дзяцей, асабліва прысвечаныя Ф. Скарыну: «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983, 1995, 2009, 2016) і «Святло праз стагоддзі» (на англійскай нямецкай, французскай мовах, 1990).

Пераклаў на беларускую мову кнігу казак «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (1983) і «Новы Запавет».

У фондах НПГКМЗ можна знайсці і такія яго выданні, як «Права на верш» (1967), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» (1976), «Беларуска-польскі размоўнік» (1992) і інш.

Яго ілюстраваны слоўнік па беларускай мове «Чую, бачу, гавару» ( 2003) атрымаў Дыплом «За лепшае выданне 2003 года» Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі – 2004» і спецыяльны дыплом журы І Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» краін СНД (2004).


85 гадоў Васілю Зуёнку

Васіль Васільевіч Зуёнак нарадзіўся 3 чэрвеня (паводле пашпарту, на самой справе – 7 ліпеня) 1935 г. у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Мінскай вобласці. Ужо ў школьныя гады пачаў пісаць вершы. Неяк у адказ на дасланыя В. Зуёнкам у «Літаратуру і мастацтва» творы рэдакцыя параіла яму «яшчэ шмат павучыцца». Бацька гэта зразумеў па-свойму і вырашыў працягнуць адукацыю сына.

У 1954 г. скончыў Барысаўскае педвучылішча. і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (1959–1960), у газеце «Піянер Беларусі» (1960–1966). Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972–1978). У 1966–1972 гг. – намеснік галоўнага рэдактара, у 1978–1982 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1982 г. – сакратар, з 1989 – першы сакратар, з 1990 – старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1985 г. удзельнічаў у рабоце юбілейнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за кнігу вершаў «Сяліба», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму «Маўчанне травы». Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета, медалём.

Вядомы як паэт, перакладчык, літаратуразнаўца і крытык. Кандыдат філалагічных навук (1973). З вершамі ў друку выступае з 1954 г. Аўтар кніжак паэзіі «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам'е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1991), «Бадзірог» (1995), «Азірнуўшыся, не скамянець...» (з серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», 2013) і інш. Напісаў кніжкі нарысаў і замалёвак для дзяцей «Любіць прыроду – любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963) і паэтычныя зборнікі «»Вясёлы калаўрот» (1965), «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987); «Птушкі. Крылатая песня Зямлі» (з серыі «Зямля мая», 2004), «Запішыце мяне ў мядзведзі» (з серыі «Журавінк@» (2013).

Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай польскай, славацкай, сербскай і іншых моў.


80 гадоў Уладзіміру Ліпскаму

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нарадзіўся 6 мая 1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Пасля Вузнажскай сярэдняй школы вучыўся ў Мінскім тэхнікуме харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг». У 1966 г. завочна закончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у Нясвіжскім райкаме камсамола, у апараце ЦК ЛКСМБ, быў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

З 1978 г. – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». Адначасова (з 1988 г.) – прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці (1995).

Узнагароды: Літаратурная прэмія імя Я. Маўра за кнігу «Падкідыш» (1993), Літаратурная прэміі імя В. Віткі за аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997), Міжнародная прэмія А. Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998), Дзяржаўная прэмія Беларусі (2001), прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў (2005), ордэн Францыска Скарыны (2007), спецыяльная узнагарода «За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы» па выніках ХІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера» (2015).

Друкавацца У. Ліпскі пачаў з 5 класа на старонках рэчыцкай раённай газеты. У рэспубліканскім друку з артыкуламі і карэспандэнцыямі выступае з 1964 г. Але пачаткам сваёй літаратурнай творчасці сам лічыць апавяданні, апублікаваныя ў 1970 г. на старонках часопіса «Вясёлка».

Аўтар шматлікіх кніг публіцыстыкі, дакументальных аповесцей, у тым ліку «Крутыя вёрсты» (1980) – пра Героя Савецкага Саюза Зінаіду Тусналобаву-Марчанка; «Любі мяне пры ўсякай долі…» (з Б. Чалым, 1989) – пра моладзь, вывезеную ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Германію; «Невядомы» (1990) – пра І. Грынявіцкага.

Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі ім напісана аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакументальных матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Кнігу «Мама. Малітва сына» (1999) У. Ліпскі напісаў да стагоддзя сваёй маці. Прозвішчы землякоў, іх жыццёвыя лёсы i сталі матэрыялам для скрупулёзнага даследавання пісьменніка ў кнізе «Мы: аповесць пра нашы прозвішчы» (2006). Падрыхтаваў фальклорныя зборнікі, прысвечаныя народнаму гумару: «Аўцюкоўцы. Аповесць пра калінак ды каласкоў, якія гаруюць і жартуюць» (1995), «Аўцюкоўцы» (з серыі «Скарбы беларускай літаратуры і фальклору», 2003).

Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982, 1994), «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка» (1993), «Як Бог стварыў свет» (1993), «Пралескі ў небе» (1997), «Антонік-понік» (1998), «Наша Маша» (2002), «Прыгоды нуліка» (2007), «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь» (2008), «Янкаў вянок. Дзецям пра Янку Купалу» (2009) і інш.

 


60 гадоў Алесю Аркушу

Алесь Аркуш (сапр. Аляксандр Барысавіч Козік) – паэт, празаік, крытык, выдавец – нарадзіўся 28 мая 1960 г. у г. Жодзіна Мінскай вобл.

Пасля заканчэння васьмі класаў (1975) паступіў у Жодзінскі політэхнічны тэхнікум. Скончыўшы яго ў 1979 г., працаваў на Беларускім аўтамабільным заводзе. У 1979–81 гг. служыў у войску. У 1982–1987 гг. вучыўся на планава-эканамічным факультэце Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, па сканчэнні якога быў накіраваны на завод «Вымяральнік» (г. Наваполацк).

З 1988 г. працаваў у наваполацкіх газетах «Знамя новостройкі» і «Новая газета». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Тутэйшыя». Ініцыятар і стваральнік Таварыства вольных літаратараў, на ўстаноўчым сходзе якога (1993) абраны галоўным яго каардынатарам. Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда». Актыўна супрацоўнічаў з полацкім рок-гуртом «Мясцовы час». З'яўляецца выдаўцом літаратурнага альманаха «Ксэракс беларускі» і зборнікаў серыі «Паэзія новай генерацыі». Заснавальнік літаратурнай прэміі ТВЛ «Гліняны Вялес». Жыве ў Полацку і Беластоку.

Першая публікацыя з'явілася ў 1987 г. на старонках часопіса «Маладосць». Друкаваўся ў зборніках «Дзень паэзіі», «Дзвіна», альманаху «Ксэракс беларускі», часопісе «Полымя» і інш.

Першая кніга – «Вяртанне» (1988; Бібліятэка часопіса «Маладосць»). Аўтар зборнікаў вершаў і прозы «Тайніца» (1991, з П. Бурдыкам), «Крылы ператворацца у карэньні» (1993), «Разьвітаньне з Танталам» (1994), «Выпрабаванне развоем» (2000), «Проста ў сярэдзіну» (2001), «Прывід вясны» (2003), «Аскепкі вялікага малюнку» (2007), «Брызгалаўка» (2009, з Б. Козікам), «Песьні ля Замкавай гары» (2015); раманаў «Палімпсэст» (2012), «Мясцовы час» (2014), «Захоп Беларусі марсіянамі» (2016), «Сядзіба» (2017), «Спадчына» (2018).

Алесь Аркуш з'яўляецца даўнім сябрам Музея беларускага кнігадрукавання і ўдзельнікам самых разнастайных імпрэз, якія праводзяцца ў музеі. Прэзентацыі большасці яго кніг, а таксама ўручэнні прэміі ТВЛ «Гліняны Вялес» традыцыйна праводзяцца ў сценах музея.