"АД МІНУЛАГА ДА СУЧАСНАСЦІ": ліпень – верасень

140 гадоў з дня нараджэння Сяргея Сахарава

Сяргей Пятровіч Сахараў (1880–1954) – фалькларыст, этнограф, публіцыст, педагог – нарадзіўся 16 (29) верасня ў Полацку ў сям'і псаломшчыка царквы пры Полацкім кадэцкім корпусе.

Праз год пасля нараджэння хлопчыка бацьку перавялі ў вёску Банонь Полацкага павета, дзе ён у хуткім часе памёр. Маці пераехала да сваякоў у Туроўлю. Там Сяргей пайшоў у школу. Праз тры гады сям'я перабралася ў Полацк, дзе С. Сахараў паступіў у духоўнае вучылішча (1891) і, як сірата, быў прыняты на казённы кошт. Паспяхова вытрымаў іспыты і ў 1895 г. быў пераведзены ў Віцебскую духоўную семінарыю. Скончыў яе ў 1901 г., але адмовіўся ад духоўнага сану і заняўся педагагічнай дзейнасцю. Быў прызначаны настаўнікам Пасінскай народнай школы Люцынскага павета, а з 1902 г. працаваў выкладчыкам гарадскога вучылішча ў Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія). У Люцыне ў 1905 г. ажаніўся з Вольгай Нікановіч.


↓ Вольга Нікановіч

Вольга Фёдараўна Сахарава (Нікановіч) (1884–1943) – паэтэса, драматург. Паходзіла з сям'і праваслаўнага святара. Закончыла Полацкую рускую гімназію. У 1900 г. пераехала ў Люцын, куды быў пераведзены бацька, працавала ў Люцынскай прыходскай школе для дзяўчынак. У 1905 г. выйшла замуж за С. Сахарава. Ездзіла з ім, працавала на школьна-асветнай ніве: арганізавала прыватны беларускі дзіцячы садок, працавала ў беларускай гімназіі, удзельнічала ў працы культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», дапамагала мужу збіраць фальклор. Пісала сцэнічныя творы для дзяцей. Найбольш вядомыя буйныя творы – «На Полацкім замчышчы» (1928) і «Птушка волі» (1932). Гадавала траіх дзяцей. Смерць дачкі Галіны, неспакойнае вандроўнае жыццё падарвалі здароўе Вольгі Фёдараўны – восенню 1942 г. яе разбіў паралюш. Памерла ў Люцынскім шпіталі (1943).

У 1907 г. С. Сахараў вучыцца на юрыдычным факультэце Юр'еўскага (зараз Тартускага) універсітэта і адначасова слухае лекцыі на гісторыка-юрыдычным факультэце. Пасля заканчэння вучобы ў 1911 г. атрымаў дыплом юрыста (выканаў кандыдацкую працу па царкоўным праве) і правы выкладчыка гісторыі.

Па прыездзе на працу ў Віцебск ён прызначаны настаўнікам правазнаўства ў трох гімназіях і ў настаўніцкім інстытуце. Адначасова працаваў сакратаром Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

У 1913 г.  прызначаны на пасаду інспектара народных вучылішчаў у Юр'еве. Там яго і заспела Першая сусветная вайна, а потым і Лютаўская рэвалюцыя. Нейкі час давялося павандраваць без працы, а ў кастрычніку 1917 г. прыйшло запрашэнне ад Люцынскай гарадской управы заняць пасаду дырэктара арганізаванай там беларускай гімназіі. Сахараў з радасцю адгукнуўся на гэтую прапанову.

З 1921 г. у Люцыне (з 1918 г. гэта тэрыторыя Латвіі) пачынае дзейнічаць беларускае грамадскае культурна-асветнае таварыства «Бацькаўшчына». Сяргей Сахараў стаў старшынёй праўлення гэтага таварыства. Увосень таго ж года ён быў прызначаны кіраўніком беларускага аддзела Міністэрства асветы ў Рызе і пераехаў туды з сям'ёй. Гэта быў перыяд актыўнай і цяжкай працы. Барацьба за беларускую школу суправаджалася нядобразычлівымі адносінамі з боку расійскага, польскага і часткова латышскага насельніцтва, рознымі інтрыгамі, чуткамі і абвінавачваннямі. Усё гэта прывяло да таго, што ў 1925 г. аддзел быў ліквідаваны.

С. Сахараў становіцца настаўнікам, а неўзабаве і дырэктарам беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). Педагагічную дзейнасць ён спалучаў з грамадскай, быў прадстаўніком беларусаў у Дзвінскай гарадсой думе. У 1932 г. Дзвінская беларуская гімназія была ліквідавана, а Сахараў вымушаны быў пайсці на пенсію. Ён пераехаў у Рыгу, заняўся гісторыка-літаратурнай працай, пачаў запісваць беларускі фальклор. Жыў у Дзвінску (1936–37), зноў у Рызе. У 1939 г. было арганізавана беларускае таварыства ў Латвіі, і С. Сахараў актыўна ўключыўся ў яго дзейнасць.

У 1940–1941 гг. працаваў настаўнікам у беларускай вячэрняй школе, у 1942 – дырэктарам Зылупскай беларускай гімназіі, з 1944 – зноў у Рызе, настаўнік у рускай школе.

У 1945 г. ён быў арыштаваны па даносе як «нацыяналістычны беларус» і асуджаны на 5 гадоў сталінскіх лагераў у Казахстане. Вярнуўся ў жніўні 1950 г.

Творчая спадчына Сяргея Сахарава досыць вялікая. Яна ўключае ў сябе пераважна навуковыя працы гісторыка-культурнага, кананічнага, педагагічнага, этнаграфічнага і фальклорнага характару.

Першыя яго выступленні ў прэсе – гэта шэраг карэспандэнцый у газеце «Витебский голос» (1903), якія ён дасылаў з Люцына. Сістэматычна выступаць у друку пачаў з 1911 г.

Змяшчаў свае матэрыялы ў «Полоцких Епархиальных ведомостях», «Витебских губернских ведомостях», у выданні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі «Полоцко-Витебская старина» і інш.

У 1920–1930-я гг. друкаваўся ў беларусіх газетах і часопісах, якія выходзілі ў Латвіі («Голас беларуса», «Думка беларуса», «Беларуская школа ў Латвіі») і ў віленскіх часопісах («Шлях моладзі», «Калосьсе).

 

Сярод навукова-папулярных прац С. Сахарава вылучаюцца нарысы, прысвечаныя старажытнай гісторыі Полацкага княства, такім яе легендарным постацям, як князь Усяслаў Чарадзей і Еўфрасіння Полацкая.

Самай грунтоўнай сваёй працай Сяргей Пятровіч лічыў збор беларускай народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў, які ўключаў 414 песень. Да некаторых даваліся нотныя запісы, а таксама фотаздымкі сялян. Большасць фальклорна-этнаграфічных запісаў С. Сахарава засталіся ў рукапісах.


120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка (1900–1976) нарадзіўся 15 ліпеня ў вёсцы Агароднікі Вілейскага павета (цяпер Пастаўскі раён) у сялянскай сям'і.

Першапачатковую адукацыю атрымаў у Манькаўскай школе, вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1918 г. скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Настаўнічаў на Тульшчыне (1918–1920), служыў у Чырвонай Арміі (1920–1921).

Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ у Наркамаце асветы РСФСР і займаўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, які скончыў у 1924 г.

Быў адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР (1923–1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924–1927), рэдактарам «Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР» (1926–1930).

Хоць пастаянна жыў у Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху. Член літаратурнай арганізацыі «Маладняк» ад часу яе ўзнікнення (1923), быў адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро і старшынёй маскоўскай філіі, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк». А ў 1925 г. разам з А. Бабарэкам, К. Чорным, К. Крапівой, З. Бядулем, Я. Пушчам ўвайшоў у ініцыятыўную групу па арганізацыі аб'яднання «Узвышша».

У 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі, а ў 1937 г. - на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве. Памёр 20 сакавіка 1976 г.

Першы верш («Сонца Беларусі») надрукаваў у 1921 г. у газеце «Савецкая Беларусь».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Строма» (Вільня, 1923), «Трысцё» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (Масква, 1927), «Палеская рапсодыя» (1961), «Вершы» (1970), а таксама паэм «Там, дзе кіпарысы» (1925), «І пурпуровых ветразей узвівы» (Вільня, 1939). Вершы У. Дубоўкі вылучаліся высокай паэтычнай культурай і аказалі вялікі ўплыў на маладых паэтаў (П. Глебку, С. Дарожнага, М. Лужаніна, П. Труса і інш.). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за зборнік вершаў «Палеская рапсодыя».

Пісаў і прозу: аповесці для дзяцей «Жоўтая акацыя» (1967), «Ганна Алелька» (1969), «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974), апавяданні-ўспаміны «Пялёсткі» (1973). Выдаў некалькі кніжак вершаваных казак для дзяцей «Цудоўная знаходка» (1960), «Як сінячок да сонца лётаў» (1961), «Дзівосныя прыгоды» (1963), «Кветкі – сонцавы дзеткі» (1963),  «Мілавіца» (1964), «Казкі» (1968), «Залатыя зярняты» (1975).

Уладзімір Дубоўка вядомы і як перакладчык твораў У. Шэкспіра («Санеты», 1964), Дж. Байрана («Шыньёнскі вязень, Бронзавы век», «Каін»), вершаў В. Брусава, П. Тычыны, У. Бранеўскага, Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, Ду Фу і інш.

Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, культуры. У тым ліку прапанаваў праект літар для спалучэння гукаў «дж» і «дз». Адмысловыя літары паводле яго праекту нават былі адлітыя, і нейкі час выкарыстоўваліся ў часопісе «Узвышша».

Плённай была і словатворчасць У. Дубоўкі, а такія яго наватворы, як адлюстроўваць, ажыццяўленне, дабрабыт, мілагучны, мэтазгодны і інш. увайшлі ў актыўную лексіку літаратурнай мовы.

«Выбраныя творы» У. Дубоўкі выходзілі яшчэ ў 1959 і 1965 гг.

Значная цікавасць да гэтай таленавітай асобы з'явілася ў апошні час. Так, яшчэ ў 2002 г.  выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла выбраныя творы Уладзіміра Дубоўкі «О Беларусь, мая шыпшына...» ў серыі «Беларуская паэзія ХХ ст.»., у 2007 – зборнік вершаў і паэм «На ўзвышшы» (серыя «Бібліятэка школьніка»), а ў 2017 – у «Залатой калекцыі» выйшаў том 13, які аб'яднаў творчасць У. Дубоўкі, У. Жылкі і Я. Пушчы.

Выдавецтва «Лімарыус» падрыхтавала «Збор твораў» у 2-х тамах» (2017), а таксама выпусціла даследаванне «Уладзімір Дубоўка. Ён пра яго» (серыя «Беларуская мемуарная бібліятэка», укладальнік Г. Севярынец, год), прафінансаванае Святланай Алексіевіч.

 


115 гадоў з дня нараджэння Пятра Глебкі

Пісьменнік і грамадскі дзеяч Пятро Фёдаравіч Глебка (1905–1969) нарадзіўся 6 ліпеня ў вёсцы Вялікая Уса Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Уздзенскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Сям'я была вялікая, зямлі не хапала, бацька цяслярыў, сыны і дочкі хадзілі ў маёнтак на работу. Пятро, як меншы з дзяцей, быў памочнікам пры маці.

Вучыцца пачаў са спазненнем, але першае і другое аддзяленне царкоўна-прыхадской школы прайшоў за год. У 1923 г. закончыў Уздзенскую сямігодку, у 1924 г. паступіў у Мінскі педтэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (закончыў у 1930).

Асаблівы ўплыў на развіццё творчых інтарэсаў П. Глебкі аказала вучоба ў белпедтэхнікуме, дзе вучыліся многія маладыя пісьменнікі: Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, Зіна Бандарына, Паўлюк Трус, Алесь Якімовіч і іншыя. У 1925 г. стаў членам літаратурнага аб'яднання «Маладняк», праз год – членам «Узвышша». У 1928–1930 гг. быў сакратаром рэдакцыі часопіса «Узвышша». Пазней працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», быў кансультантам па паэзіі пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Пазнаёміўся з Я. Купалам, Я. Коласам. Сябраваў з Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Петрусём Броўкам.

У 1941–1942 гг. служыў у Чырвонай Арміі (у рэдакцыях франтавых газет), у 1943–1945 гг. быў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Адначасова кіраваў працай па складанні «Руска-беларускага слоўніка», якая захапіла яго на доўгія гады.

З 1945 г. працаваў у АН БССР. У 1956 г. – дырэктар Інстытута мовазнаўства (з 1957 г. – Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). Адначасова (у 1968–1969) акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Як член дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.

Памёр 18 снежня 1969 г. у Мінску.

Вядомы як паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, драматург, вучоны. Акадэмік АН БССР (1957).

Першыя вершы надрукаваў у 1925 г. Першы зборнік «Шыпшына» выйшаў у 1927 г.

Аўтар шматлікіх кніжак паэзіі:  «Урачыстыя дні» (1930), «Арка над акіянам» (1932), «Арлянка» (1932), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1938), «Пад небам бацькаўшчыны» (1947), «Нашай славы зара» (1947), «Размова аб шчасці» (1948), «У тыя дні» (1957), «Вершы» (1975), «На спатканні дарог» (1990).У тым ліку зборнікаў для дзяцей «Пад сцягам перамог» (1952), «Прывітанне Радзіме» (1961), «Вобразы роднай краіны» (1964), «Наш сцяг» (1972), «Наш лес» (1973), «Шчаслівы май» (1985), «Наша лета» (2013).

Напісаў драматычную паэму «Над Бярозай-ракой» (1940), лібрэта оперы «Андрэй Касценя» («Лясное водгулле», 1970), вершаваную паэму «Святло з Усходу» (1957).

Выступаў з нарысамі, літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

Выйшаў зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973) і інш.

У даваеннай творчасці выявіў прыхільнасць да рамантычнага накірунку ў паказе новай, савецкай явы. У артыкулах таго часу не пазбег вульгарнага сацыялагізму. Галоўная тэма пасляваенных гадоў – аднаўленне беларускіх гарадоў і вёсак, памяць вайны, барацьба за мір.

Аўтар многіх навуковых прац у галіне лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ініцыятар і заснавальнік выдання шматтомнага «Збору беларускага фальклору» (вых. з 1970).

Перакладаў на беларускую мову творы А. Пушкіна (у т.л. «Барыс Гадуноў»), М. Лермантава, М. Някрасава, А. Чэхава, М. Горкага, У. Маякоўскага, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, М. Рыльскага, М. Бажана і інш. Яго творы перакладзены на азербайджанскую, англійскую, армянскую, асецінскую, балгарскую, венгерскую, грузінскую, латышскую, літоўскую, мангольскую, нямецкую, польскую, рускую, таджыкскую, татарскую, узбекскую, украінскую, французскую, чувашскую, чэшскую, яўрэйскую мовы.

 


110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш

Ларыса Антонаўна Геніюш (1910–1983) нарадзілася  9 жніўня ў маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласці Гродзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) у заможнай сялянскай сям'і Міклашэвічаў. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928).

У лютым 1935 г. яна ўступіла ў шлюб з Янкам Геніюшам. Як многія здольныя хлопцы з Заходняй Беларусі, той змог перабрацца ў Прагу, дзе па рэкамендацыі Браніслава Тарашкевіча за стыпендыю Беларускай Народнай Рэспублікі скончыў універсітэт, працаваў урачом. У 1937 г. Ларыса выехала ў Прагу да мужа. Уключылася ў жыццё беларускай эміграцыі, у дзейнасць урада БНР (нейкі час была яго сакратаром), друкавалася ў газетах «Раніца», «Беларускі работнік», часопісах «Новы шлях», «Шыпшына», «Сакавік» і інш.

У сакавіку 1948 г. разам з мужам была арыштавана і перавезена ў Мінск, дзе яе дапытваў сам Лаўрэнцій Цанава, міністр дзяржбяспекі БССР, патрабуючы аддаць архіў БНР. У лютым 1949 г. Вярхоўны суд БССР прыгаварыў паэтэсу да 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах (тэрмін атрымаў і Я. Геніюш). У маі 1956 г. тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў.

Выйшаўшы на волю, Л. Геніюш пераехала ў Зэльву (Гродзеншчына) на радзіму мужа, дзе жыла, не прыняўшы савецкага падданства, да самай смерці. Геніюшы ў Зэльве жылі як быццам на волі, але пад пільным наглядам.

Памерла Ларыса Геніюш 7 красавіка 1983 г.

Трагічны быў лёс сям'і Л. Геніюш: бацька прапаў у гродзенскай турме пасля 1939 г., маці памерла ад голаду ў Казахстане ў 1945 г., браты ваявалі ў арміі Андэрса (Аркадзь загінуў пад Монтэ-Касіна, Італія, Расціслаў – пад Берлінам). Разлучаны з бацькамі сын Юрка (1935–1985), гадаваўся ў польскіх дзетдамах, стаў урачом, жыў у Беластоку. Вядомы як здольны беларускі празаік. У Польшчы засталіся яго сыны, унукі Ларысы Антонаўны, Міхась і Алесь, сямёра праўнукаў.

Пісаць вершы Ларыса Геніюш пачала яшчэ ў 1935 г., друкавалася з 1939 г. Першы зборнік паэзіі «Ад родных ніў» выйшаў у Празе ў 1942 г. У ім пераважала інтымная і пейзажная лірыка, выказвалася туга па родным краі.

У беларускім савецкім друку яе пачалі публікаваць з 1963 г., дзякуючы падтрымцы Максіма Танка. Выйшлі зборнікі паэзіі «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982). Асноўныя іх матывы – страсны патрыятызм, захапленне беларускай гісторыяй, пераемнасць традыцый, еднасці чалавека з прыродай. Шырока выкарыстоўвала фальклорна-песенныя матывы.

Пісала таксама паэтычныя кніжкі для дзяцей: «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь!» (1976). Яе творы друкаваліся ў часопісе «Вясёлка». Цікава, што адзін з вершаў быў змешчаны ў «Буквары» А. Клышкі (1975), але са змяненнямі і без пазнакі аўтарства.

Пасмяротна былі надрукаваны яе ўспаміны «Споведзь» (спачатку публікаваліся ў часопісе «Маладосць» № 1–6 за 1990 г.).

У 1990 г. выйшаў зборнік «Белы сон», у 2000 г. – «Выбраныя творы» (у серыі «Беларускі кнігазбор»), «Гасціна» (серыя «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя») і зборнік вершаў для дзяцей «Ластаўка». А да 100-гадовага юбілею быў падрыхтаваны «Збор твораў» у 2-х тамах (2010).

Вялікую каштоўнасць маюць лісты Ларысы Геніюш. У 2005 г. была выпушчана кніга «Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны (1945–1983)», а ў 2015 г.  пабачыў свет падрыхтаваны М. Скоблам зборнік «Духу магутныя чары...: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах» (серыя «Беларуская мемуарная бібліятэка», выдавецтва «Лімарыус»).

 


105 гадоў з дня нараджэння Масея Сяднёва

Масей Ларывонавіч Сяднёў (1915–2001) нарадзіўся 1 верасня ў вёсцы Мокрае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер гэта Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобл.).

Закончыўшы Саматэвіцкую сямігодку, будучы паэт вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1930–1931), а ў 1933 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Аднак закончыць яго не ўдалося – на 4-м курсе (у кастрычніку 1936 г.) быў арыштаваны і высланы на Калыму, дзе прабыў 5 гадоў у лагеры.

Перад самай Вялікай Айчыннай вайной яго прывезлі ў Мінск на перагляд справы. З пачаткам вайны апынуўся на волі, вярнуўся ў Мокрае да бацькоў, працаваў на гаспадарцы. У 1943 г. выехаў у Беласток, дзе працаваў карэктарам у газеце «Новая дарога». Потым жыў у амерыканскай і англійскай зонах акупацыі Германіі, працаваў настаўнікам беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе, у 1950 г. перасяліўся ў ЗША. Там 10 гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы, выкладаў рускую мову ў Індыянскім універсітэце. У 1969–1983 гг. працаваў на радыёстанцыі «Свабода» (Мюнхен), потым жыў у Глен-Коў (ЗША).

Канчаткова рэабілітаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь у 1992 г., а яшчэ ў 1990 г. ён упершыню пасля доўгіх гадоў змог наведаць радзіму.

Памёр 4 лютага 2001 г., пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Вершы Масей Сяднёў пачаў пісаць яшчэ ў школе з 4-га класа. Першыя творы апублікаваў у 1933 г. у часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі» і ў газеце «Чырвоная змена». Друкаваўся ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», альманаху «Аднагодкі». У час вайны – у выданнях «Новы шлях», «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік» і інш. У Беластоку падрыхтаваў да друку зборнік вершаў, які меўся выйсці ў Кёнігсбергу, але згарэў там падчас пажару.

Першая кніга паэзіі «У акіяне начы» пабачыла свет у 1946 г. у Рэгенсбургу.

Аўтар выпушчаных ў Германіі і ЗША зборнікаў «На край света» (1947), «Спадзяванні» (1947), «Цень Янкі Купалы» (1947), «Ля ціхай брамы» (1958), «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989), а таксама раманаў «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надышоў» (1987), успамінаў пра Янку Купалу і Якуба Коласа.

Яго раман «І той дзень надышоў» – пра перажытае самім аўтарам перад вайной і ў першыя дні вайны – адзін з лепшых твораў, напісаных у эміграцыі.

Менавіта Масей Сяднёў стаў прататыпам Масея Зазыбы ў раманах Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя».

З 1989 г. М. Сяднёва пачалі друкаваць і ў Беларусі (газеты «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», часопісы «»Маладосць», «Крыніца»). У 1990-я гг. у Мінску выйшлі кнігі «Патушаныя зоры» (1992), «Масеева кніга: успаміны, старонкі дзённіка» (1994).

У 2014 г. том «Выбраных твораў» Масея Сяднёва папоўніў серыю «Беларускі кнігазбор».

 


55 гадоў з дня нараджэння Людмілы Рублеўскай

Людміла Іванаўна Рублеўская (па мужу Шніп) нарадзілася 5 ліпеня 1965 г. у Мінску.

Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984), працавала ў канструктарскім бюро ВА «Гарызонт».

У 1986 г. паступіла на аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, праз год перавялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ (скончыла ў 1994 г.).

Працавала ў «Народнай газеце», рэдактарам аддзела крытыкі часопіса «Першацвет», у газеце «Літаратура і мастацтва». Да нядаўняга часу – аглядальніца аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия».

У шлюбе з паэтам Віктарам Шніпам.

Першы верш надрукавала ў 1983 г. (газета «Знамя юности»). Друкавалася ў газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Першацвет», альманаху «Дзень паэзіі».

У 1990 г. выйшлі зборнікі вершаў «Адукацыя» і «Крокі па старых лесвіцах» (у серыі «Бібліятэка часопіса «Маладосць»), потым «Замак месячнага сяйва» (1992), «Балаган» (Полацак, 2000), «Рыцарскія хронікі. Воўчы вецер» (Маладзечна, 2001) – з В. Шніпам, «Шыпшына для Пані» (2007), «З'яўленне інфанты» (вершы і проза, 2015).

Але асаблівага поспеху Людміла Рублеўская дасягнула ў прозе, асабліва ў гістарычным рамане, дзе яна плённа працягвае традыцыі Уладзіміра Караткевіча. Пры гэтым пісьменьніца камбінуе розныя жанры: дэтэктыў, гістарычны раман, псіхалагічны раман і раман гатычны. У яе раманах заўсёды паўстае адраджэнская тэма, уздымаюцца праблемы беларускай мовы, тэма рэпрэсій.

Выйшлі кнігі прозы «Старасвецкія міфы горада Б*» (2002), «Сэрца мармуровага анёла» (2003), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2005), «Сутарэнні Ромула» (2012), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (раман, аповесць, апавяданні, 2013), «Дагератып: дэкадансны раман» (2017), «Пантофля Мнемазіны» (2018).

Асаблівую вядомасць атрымаў цыкл раманаў пра Вырвіча: «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» (2012), «Авантуры студыёзуса Вырвіча»,«Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» (2014), «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» (2016) – у 2017 г. лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы празаічны твор», «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара» (2018), «Авантуры Вырвіча, лётніка і чорнай меланхоліі» (2020). Па першым з раманаў зняты фільм (студыя «Беларусьфільм», рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Анісімаў, выйшаў у пракат 19 сакавіка 2020 г.).

Апрача таго, піша кніжкі для дзяцей: «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2008), «Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны» (2008).