«Ноч музеяў»: пастфактум

Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», якая праводзіцца пад эгідай Міжнароднага савета музеяў (ICOM), ужо набыла статус чаканай падзеі культурнага жыцця ў многіх краінах свету. Не з'яўляецца выключэннем і Беларусь. Полацкі музей-запаведнік (і яго філіялы адпаведна) далучыўся да ліку музеяў, што праводзяць гэтую акцыю, больш за 10 год назад.

Штогод тэматыка акцыі мяняецца і задаецца актуальнымі сусветнымі тэндэнцыямі музейнага развіцця. У гэтым годзе акцэнт зроблены на пераасэнсаванні існавання такога інстытута, як музей, у розных умовах, формах, абставінах.

У кантэксце агульнасусветнай тэмы Міжнароднага дня музеяў «Будучыня музеяў: аднаўленне і пераасэнсаванне» Музей беларускага кнігадрукавання прапанаваў аднавіць і пераасэнсаваць значэнне і прызначэнне такога, здавалася б, звыклага для кожнага чалавека матэрыялу, як папера. Без паперы ўвогуле цяжка ўявіць гісторыю кнігі і кнігадрукавання, а значыць — і існаванне самога Музея, прысвечанага кнізе.

22 мая 2021 года музей запрасіў наведаць інтэрактыўную пляцоўку «Паперадром», на якой размясціліся творчыя майстэрні па вырабе паперы і папяровага дэкору. Пляцоўка працавала з 18.00 да 21.00 ва ўнутраным дворыку музея.

Супрацоўнікі Музея прапанавалі кожнаму «аднавіць» тэхналогію ручнога адліву паперы і «пераасэнсаваць» стаўленне да паперы, як да матэрыялу аднаразовага выкарыстання. Майстэрні дазволілі жадаючым асвоіць розныя тэхнікі працы з паперай, у тым ліку і той, што была ў выкарыстанні, і зрабіць упрыгажэнне для сябе ці дэкор у інтэр'ер. Вось што вас чакала наведвальнікаў адзінай на год музейнай ночы:

  • уласнаручная адліўка папяровага аркуша;
  • пляценне бранзалета, які адразу можна насіць;
  • складанне фігурак у тэхніцы арыгамі рознай складанасці;
  • стварэнне інтэр'ернай «клеткі з птушкай». 

На пляцоўцы працавала міні-выстава чарніліц пачатку— сярэдзіны ХХ ст., на якой можна было паспрабаваць пісаць сапраўдным пяром і старой пёравай ручкай!

Вось якой была гэтая «Ноч музеяў» на «Паперадроме». Мы разам адлівалі паперу з макулатуры.

Плялі бранзалецікі і закладкі са старонак глянцавага часопіса.

Стваралі «Птушку ў клетцы» з абрэзкаў каляровай паперы для інтэр'ера дзіцячага пакоя.

Вучыліся пісаць пяром і пёравымі ручкамі.

Складвалі фігуркі ў тэхніцы арыгамі. Задаволеныя наведвальнікі забралі свае творы з сабой!

825