Уручэнне літаратурнай прэміі імя Алеся Савіцкага

3 верасня супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання наведалі філіял № 9 імя А. Савіцкага Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, дзе адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі.

Такая прэмія, што носіць імя нашага вядомага пісьменніка-земляка, у Полацку ўручаецца ўжо ў шосты раз. Першым, у 2016 г., яе атрымаў краязнаўца Віктар Карасёў за творы, прысвечаныя роднаму краю. Пазней лаўрэатамі станавіліся Уладзімір Аляксееў (2017), Навум Гальпяровіч (2018), Уладзімір Тачыла (2019). У мінулым годзе прэмія была ўручана наддзвінцу Пятру Буганаву.

Пераможцу гэтага года да апошняга моманту трымалі ў сакрэце. 
Вядучыя вечарыны нагадалі прысутным асноўныя этапы жыцця і творчасці Алеся Ануфрыевіча Савіцкага. Чыталіся прысвечаныя яму вершы, гучалі песні пра Беларусь. Выступалі прадстаўнікі мясцовых літаратурных аб’яднанняў “Наддзвінне”, “Литературный ковчег”, “Полоцкая ветвь”.

І нарэшце надышоў хвалюючы момант узнарароджвання. Усе, хто прыняў удзел у конкурсе, атрымалі сертыфікаты з рук дырэктара Полацкай ЦБС Ганны Пацалуйкінай-Урублеўскай. Галоўная ж узнагарода дасталася Мікалаю Міхайлавічу Хахлову за мастацка-дакументальную кнігу “Жизнь в наследство”, прысвечаную тэме Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта з гэтай тэмай у свой час так ярка ўвайшоў у літаратуру і Алесь Савіцкі.

733