Пайшоў з жыцця Адам Мальдзіс

Учора, 3 студзеня, пайшоў з жыцця прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс, слынны беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік, гісторык, актыўны грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, даўні сябра Музея беларускага кнігадрукавання.

Немагчыма пераацаніць той унёсак, які зрабіў у нашу культуру Адам Восіпавіч. Менавіта ён па драбніцах няўмольна вяртаў беларусам Беларусь. Менавіта ён адшукаў у Ягелонскай бібліятэцы славуты зараз «Полацкі сшытак». Менавіта ён адкрыў для нас асобу Міхаіла Клеафаса Агінскага і даказаў, што паланез «Развітанне з Радзімай» быў створаны ў смаргонскім Залессі. Менавіта ён высветліў імя аўтаркі «Літоўскай гаспадыні» – першай беларускай гаспадарча-кулінарнай энцыклапедыі. І менавіта ён аж да самай смерці аддана займаўся пошукамі найвялікшай беларускай святыні – крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ён жа стаў адным з «хросных бацькоў» Музея беларускага кнігадрукавання. Менавіта Адам Восіпавіч у свой час настойваў, што такі музей павінны быць адчынены ў Полацку. І дзякуючы яму на адкрыццё Музея ў 1990 годзе завітаў доктар Стэнлі Скарына – прамы нашчадак Францыска Скарыны.

Багатая навуковая і літаратурная спадчына Адама Восіпавіча натхніць яшчэ не адно пакаленне даследчыкаў на вывучэнне беларускай культуры. Мы ж будзем захоўваць памяць пра гэтага выбітнага Чалавека.

716