Да дня нараджэння Алеся Якімовіча

Алесь (Аляксандр Іванавіч) Якімовіч нарадзіўся 17 студзеня 1904 г. у вёсцы Чурылава Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

У 1921–1926 гг. вучыўся ў Белпедтэхнікуме. Разам з ім займаліся А. Александровіч, П. Глебка, П. Трус, а методыку роднай мовы выкладаў Я. Колас.

Неўзабаве стаў членам літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923) і сакратаром рэдакцыі новага часопіса для школьнікаў «Беларускі піянер» (1924).

З 1927 г. займаўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ, якое скончыў у 1930 г. Вучобу ва ўніверсітэце сумяшчаў з абавязкамі рэдактара часопіса, які быў перайменаваны ў «Іскры Ільіча» (з 1945 г. выдаецца пад назвай «Бярозка»).

У час вайны камандаваў стралковай ротай, быў цяжка паранены.

Пазней быў старшым рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1944–1945, 1948–1954), адказным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1945–1948), літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (1955–1960).

Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) за аповесці «Адкуль ліха на свеце», «Канец сервітуту» і «Кастусь Каліноўскі».

Памёр 15 студзеня 1979 г.

Вершы пачаў пісаць падчас вучобы ў Белпедтэхнікуме. Першы надрукаваны твор – верш «Вясна» (часопіс «Маладняк», № 1, 1923 г.). У 1925 г. выйшлі першыя кнігі: «Вершы» і зборнік апавяданняў для дзяцей «Гул бубна».

Пісаў Алесь Якімовіч пераважна для дзяцей і разам з Янкам Маўрам, з якім пасябраваў яшчэ працуючы ў «Беларускім піянеры», лічыцца заснавальнікам беларускай дзіцячай літаратуры.

Аўтар кніг «Перамога» (1932), «Незвычайны мядзведзь» (1934), «Каваль Вярнідуб: казка ў вершах» (1936), «Залаты дуб» (1937), «Казка пра смелага вожыка» (1937, 1946, 2019), «Выпадак на чыгунцы» (1938, 1960), «Вераб’ёвы госці» (1945, 1960), «Помста» (1946), «Улетку» (1947, 1954), «Слухай – запамінай: азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Сябры» (1948, 1960), «Аповесці і апавяданні» (1949), «Гаворыць Масква» (1951), «Звяры нашых лясоў» (1951, 1973), «Арляняты» (1952), «Я – юны піянер» (1952), «Базылёў курган» (1954), «Новы год» (1958), «Працавітая дзяўчынка» (1959), «Смелыя людзі» (1960), «Адкуль ліха не свеце» (1963), «Браты Лазоўскія» (1965), «Прыгоды хлопчыка Іларыка» (1965), «Канец сервітуту» (1969), «Светлы дзень» (1969), «Кастусь Каліноўскі» (1971, 1976), «Залатыя рукі» (1975), «Цяжкі год» (1976).

У яго апрацоўцы выйшла шмат беларускіх казак, у тым ліку зборнікі «Каток – залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1983). Быў таксама складальнікам чытанак для школ.

Перакладаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Някрасава, П. Яршова, І. Крылова, Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, К. Чукоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Гайдара, М. Носава, І. Франка, М. Рыльскага, М. Тычыны, Г. Андэрсана, Дж. Лондана  і інш.

619