Выстава «Я прыйшоў дзеля Вас», прысвечаная жыццю і творчасці Якуба Коласа. Полацк


У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала работу выстава «Я прыйшоў дзеля Вас», прысвечаная жыццю і творчасці Якуба Коласа. На ёй прадстаўлены самыя разнастайныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (г. Мінск).
Наведвальнікі змогуць пабачыць творы беларускага мастака Уладзіміра Сулкоўскага, аб'яднаныя ў серыю «Радзіма Якуба Коласа». Гэта навукова абгрунтаваныя пейзажы-рэканструкцыі коласаўскіх мясцін. Кансультантам пры іх стварэнні быў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Асабліва каштоўным з'яўляецца тое, што мы можам пабачыць сядзібы і інтэр'еры, якіх ужо даўно няма.
Прадстаўлены таксама малюнкі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, якія з'яўляюцца ілюстрацыямі да паэмы «Новая зямля». Знакамітую паэму беларускія мастакі ілюстравалі неаднойчы, і кожны з творцаў па-свойму прачытваў знаёмыя вобразы. Работы В. Шаранговіча вылучаюцца разуменнем стылістыкі коласаўскай мовы, пашанай да герояў, любоўю да роднага краю. Яны дапамогуць наведвальнікам па-новаму зірнуць на паэму, глыбей успрыняць яе невычэрпны змест.
Дэманструюцца таксама партрэты Я. Коласа (работы В. Волкава, Л. Гоманава, З. Паўлоўскага, Г. Паплаўскага і інш.) і асабістыя рэчы пісьменніка (кашуля, партфель, нож для разразання паперы, кніга-куфэрак, барометр, а таксама ўзнагароды) з фондаў Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Яны прадстаўляюць не толькі канкрэтную асобу, але і цэлую эпоху ў выявах прадметнага свету. Кожная з іх нясе на сабе дотык рукі Песняра і з'яўляецца найкаштоўнейшым экспанатам музея.
Цікава будзе ўбачыць таксама фотаздымкі, лісты, адрасаваныя пісьменніку, і іншыя дакументы. І, вядома ж, друкаваныя выданні твораў Якуба Коласа на мовах свету.

305