Выстаўка «Кніга кніг - Евангелле ў помніках 16 - пач.20 стст.» з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці. Полацк.


Музей беларускага кнігадрукавання запрашае наведаць выставу «Кніга кніг - Евангелле ў помніках 16 - пач. 20 стст.» з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці.

На выстаўцы наведвальнікі маюць магчымасць пабачыць каштоўныя кнігі са збору Веткаўскага музея. У тым ліку ўнікальныя выданні. Перш за ўсё гэта «Евангелле» 1575 года, надрукаванае Пятром Мсціслаўцам у Вільні падчас працы ў друкарні братоў Мамонічаў. Кніга надрукавана буйным прыгожым шрыфтам, адлітым Мсціслаўцам спецыяльна; пазней яго капіравалі і ў Вільні, і ў Маскве – усюды, дзе друкаваліся напрастольныя Евангеллі. Пятром Мсціслаўцам выкананы і арыгінальныя гравюры ў стылі маньерызму, якія аздабляюць выданне.
Яшчэ адна ўнікальная кніга, прадстаўленая на выставе - «Евангелле-тэтр», надрукаваная ў Маскве ў 1601-1606 гадах Анісімам Радзішэўскім. Сам А. Радзішэўскі, выхадзец з Вялікага Княства Літоўскага, быў таленавітым майстрам, друкарскай справе вучыўся ў Івана Фёдарава. Выпусціў усяго дзве, але цудоўнейшыя кнігі. Адна з іх і ёсць узгаданае «Евангелле-тэтр». Пачатак кожнага з чатырох Евангелляў упрыгожваюць застаўкі, ініцыялы і гравюры з выявай евангеліста. Пазней, у ХІХ ст., яны былі размаляваны акварэльнымі фарбамі. Мастацкі узровень кнігі аказаўся такі высокі, што яго не змаглі пераўзыйсці наступныя друкары.
Паказаны на выстаўцы і цікавыя выданні ХVІІІ-ХІХ стст., і нават кнігі пачатку ХХ-га з ілюстрацыямі славутага французскага майстра Гюстава Дарэ. А таксама рукапісная кніга, якая стваралася ў стараверскім асяроддзі ў 1917-1918 гадах.

187