Выстава «Ад гусінага пяра да сучасных тэхналогій»


У Музеі беларускага кнігадрукавання адкрылася выстава «Ад гусінага пяра да сучасных тэхналогій».

Да пачатку навучальнага года і Дня беларускага пісьменства супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання падрыхтавалі новую выставу, прысвечаную тэхналогіі стварэння кнігі ад самага пачатку яе з'яўлення на славянскіх землях да нашых дзён.
На ёй прадстаўлены розныя матэрыялы, прылады і прадметы, звязаныя з кнігай і пісьмом (бяроста, васкоўкі, пергамен, пісалы, пёры і інш.), узоры рукапісных і друкаваных кніг. Асобная ўвага ўдзяляецца полацкім друкарням езуітаў, а затым піяраў, кнігадрукаванню ХІХ – пач. ХХ ст.
Завяршаецца ж выстава паказам выданняў-лаўрэатаў конкурсаў «Мастацтва кнігі». Сярод іх можна пабачыць лепшыя беларускія выданні, якія сталі пераможцамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2010» і Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельніц СНД. У тым ліку «Слуцкае евангелле» - факсімільнае ўзнаўленне адной з праваслаўных святыняў Беларусі – рукапіснага Евангелля, створанага ў канцы ХVІ ст. слуцкім князем Юрыем Алелькавічам.

258