Аб вывучэнні граматыкі лацінскай мовы.

У Музеі беларускага кнігадрукавання вядзецца праца па складанні каталога калекцыі лаціна-польскіх старадрукаў. Значная частка калекцыі прадстаўлена падручнікамі па рыторыцы і логіцы, арыфметыцы і паэтыцы, граматыцы лацінскай мовы. Вывучэнню апошняй у беларускіх школах XVI-XVIІІ стст. надавалася найвялікшая ўвага. У фондах НПГКМЗ захоўваюцца дзве граматыкі лацінскай мовы: Эмануэль Альвар “De institutione grammatica lingvae latinae” (Полацк, 1794) і “GRAMMATYKA ?ACI?SKA PIJARSKA” (Бярдзічаў, 1824).
Лацінская мова з’яўлялася мовай заходнееўрапейскай навукі і адукацыі, мовай каталіцкай царквы, мовай міжнародных зносін. Веданне і свабоднае валоданне лацінай было неад’емным атрыбутам адукаванага чалавека.

Вывучэнне лацінскай мовы складала аснову гуманітарнай адукацыі Ордэна езуітаў. На працягу амаль трох стагоддзяў у езуіцкіх навучальных установах па ўсёй Еўропе выкарыстоўваўся падручнік “De institutione grammatica lingvae latinae” (“Аб вывучэнні граматыкі лацінскай мовы”) партугальскага езуіта Эмануэля Альвара. Створаны ў XVI ст., толькі ў ВКЛ ён перавыдаваўся не меньш за 18 разоў. Сучаснікі казалі пра гэты падручнік: “Быў аўтар той вельмі спрактыкаваны ў лаціне, ды надта хочучы дакладным быць, зрабіў працу расцягнутай, заблытанай недарэчнымі вершамі, для навучання цяжкай, для забыцця лёгкай”. Вучням прапаноўвалася завучваць на памяць 5 скланенняў лацінскіх назоўнікаў з выключэннямі, змяненні дзеясловаў у 6-ці часавых формах, 14 асноўных сінтаксічных канструкцый. Веды замацоўваліся чытаннем і перакладам сачыненняў антычных аўтараў. Па заканчэнні курса вучні павінны былі ведаць мову так, каб без цяжкасці чытаць і разумець Цыцэрона, Цэзара, Салюстыя, Вергілія, Гарацыя, а таксама размаўляць па-лацінску.

У школах Ордэна піяраў выкарыстоўвалася праца Станіслава Канарскага “GRAMMATYKA ?ACI?SKA PIJARSKA”. Праз сваё простае і зразумелае тлумачэнне яна набыла вялікую папулярнасць. Граматыка пабудавана ў выглядзе пытанняў і адказаў, матэрыял ўскладняецца паступова, тлумачацца найбольш частыя памылкі. У адрозненне ад папярэдняй граматыкі, арыентаванай на сярэдняга еўрапейскага навучэнца, гэты падручнік быў створаны спецыяльна для польскамоўнага студэнта – тры чвэрці тэарэтычнага матэрыялу тут пададзена на польскай мове, маецца невялічкі лаціна-польскі слоўнічак. Цікавы раздзел “Выслоўі, якія моладзь павінна перакласці з мовы старажытных аўтараў і не без карысці завучыць на памяць” прапануе крылатыя выразы аб мудрасці і справядлівасці, сціпласці і цярпенні. Напрыклад: “Цар Максімільян казаў, што толькі тады трэба страшыцца перамены лёсу, калі ўсё жыццё будуецца на жаданні”.

Гэтыя падручнікі можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.

1107