Выстаўка «Вялікіх песень маг і сэрцаў валадар» ( да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)


У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працаваць выстава «Вялікіх песень маг і сэрцаў валадар», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.
Янка Купала – вялікі нацыянальны беларускі паэт. Ён узняў беларускае мастацкае слова на вышыню, якой да яго не ведала наша літаратура, а яго творчасць параўнялася з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры. Творчасць Янкі Купалы як бы канчаткова аформіла і завяршыла станаўленне самасвядомасці беларускага народа, псіхалагічнага складу і філасофіі быцця.

Паэзія Янкі Купалы – невычэрпная крыніца натхнення і мастацкай дасканаласці, яна паўплывала на беларускіх пісьменнікаў розных пакаленняў.

Я. Купала з'яўляецца таксама прызнаным нацыянальным драматургам. Яго п'есы складаюць залаты фонд беларускай драматургіі. Камедыя «Паўлінка», напісаная ў 1912 г., не сыходзіць са сцэны і з'яўляецца візітнай карткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ў Мінску.
Купала стаяў таксама ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі.

Янка Купала - класік беларускай літаратуры, вялікі славянскі паэт і гуманіст. Яго творчасць заслужыла сусветнае прызнанне: у 1982 г. на Беларусі і, па рашэнні ЮНЕСКА, ва ўсім свеце ўрачыста святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння народнага песняра. І ў наступныя юбілейныя гады памяць пра яго ўшаноўвалася рознымі мерапрыемствамі, выставамі, выданне новых кніг.

Дадзеная выстава прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.
На выстаўцы можна ўбачыць выданні, якія знамянуюць пачатак творчай дзейнасці Янкі Купалы, першыя выданні і публікацыі; прадстаўлены шматлікія выданні першай паловы ХХ стагоддзя і 1970-1990-х гадоў, зборы твораў. Асобнай увагі заслугоўваюць паэмы Янкі Купалы. Паказаны таксама сучасныя выданні і даследаванні, прысвечаныя Я. Купалу.

202