Выстаўка «Повязь часоў» (факсімільныя і рэпрынтныя выданні з фондаў НПГКМЗ)


Музей беларускага кнігадрукавання прапануе новую выстаўку - «Повязь часоў». На ёй наведвальнікі змогуць убачыць факсімільныя і рэпрынтныя выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Факсімільнае выданне (ад лац. fac simile – «рабі падобнаe») - друкаванае выданне, якое графічна дакладна ўзнаўляе раней выпушчанае арыгінальнае выданне або рукапіс. Мэта факсімільнага выдання – захаваць і зрабіць даступным шырокаму чытачу рэдкія, унікальныя ці асабліва каштоўныя ў гістарычных і мастацкіх адносінах помнікі (кнігі, рукапісы і г.д).

Першыя факсімільныя выданні з'явіліся яшчэ ў пачатку ХІХ ст. К пачатку ХХ-га у краінах Еўропы і Амерыкі, а таксама ў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі беларускія землі, былі факсімільна ўзноўлены многія інкунабулы і старажытныя рукапісы.

У гэты ж час з'яўляецца цікавасць і да беларускіх помнікаў кніжнасці і пісьменства. Так, у Тураве М. Сакаловым у скрыні з-пад вугалю былі адшуканы 10 аркушаў «Тураўскага евангелля» - аднаго з найстаражытнейшых усходнеславянскіх рукапісных помнікаў, перапісанага невядомым перапісчыкам у ХІ ст. У 1868 г. было зроблена факсімільнае выданне «Тураўскага евангелля», перавыдадзенае ў 2004 г.

Асабліва ж актыўнае даследаванне і ўзнаўленне старажытных кніг і дакументаў пачалося ў ХХ ст. Наведвальнікі змогуць пабачыць шмат найцікавейшых кніг, кожная з якіх мае сваю гісторыю. Гэта і «Біблія» Францыска Скарыны, і «Катэхізіс» Сымона Буднага, і шматлікія кнігі, звязаныя з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, і даследаванні ХІХ ст. па этнаграфіі і гісторыі Беларусі: «Живописная Россия», «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» М.В. Без-Карніловіча, «Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов» А.Я. Багдановіча і інш.
Шмат выданняў, якія датычыліся беларускай гісторыі і мовы, выходзіла на пачатку ХХ ст. Наведвальнікі змогуць пабачыць рэпрынтныя выданні такіх кніг, як «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У. Ігнатоўскага, «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскага, а таксама «Першага чытання для дзяцей беларусаў» Цёткі і «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, «Матчын дар» А. Гаруна, «Рунь» М. Гарэцкага і многія іншыя.

У апошнія гады значна ўзрасла цікавасць да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. З'явіліся выданні, у якіх факсімільна ўзноўлены газеты, часопісы, плакаты часоў вайны («І паўстаў народ...», «Партизанский альманах», «Родина-Мать зовёт!»).

Многія выданні, прадстаўленыя на выставе, узнагароджаны дыпломамі розных конкурсаў. У тым ліку - «Слуцкае Евангелле» (факсімільнае ўзнаўленне адной з праваслаўных святыняў Беларусі – рукапіснага Слуцкага Евангелля, створанага ў канцы ХVІ ст. слуцкім князем Юрыем Алелькавічам).

258