Ноч музеяў у Музеі беларускага кнігадрукавання

У гэтым годзе Міжнародная акцыя “Ноч музеяў” у Полацку прайшла пад знакам Музычнага Музейнага Марафона, прысвечанага 30-годдзю Канцэртнай залы Сафійскага сабора. На пляцоўках каля музеяў жыхары і госці горада маглі пачуць музыку самых розных напрамкаў і стыляў. Музей беларускага кнігадрукавання сабраў у сваіх сценах аматараў опернага мастацтва. У канферэнц-зале НПГКМЗ адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Гісторыя беларускай оперы”.

Падчас прэзентацыі гледачы адкрылі для сябе невядомыя старонкі з гісторыі опернага мастацтва на Беларусі, пабачылі ўнікальныя дакументальныя і відэаматэрыялы, па драбніцах сабраныя ў беларускіх музеях і архівах, пачулі знаёмыя мелодыі сусветна вядомых кампазітараў і дзівосныя галасы беларускіх оперных спевакоў. Пасля прагляду фільма аудыторыя атрымала магчымасць задаць пытанні аўтарам: у прэзентацыі прымалі ўдзел рэжысёр Алег Лукашэвіч, аўтар сцэнарыя Аляксандр Аляксееў і дырэктар карціны Вольга Крамянецкая. Яны распавялі аб тым, як з’явілася ідэя стварэння фільма, падзяліліся ўласнымі адкрыццямі, зробленымі падчас працы, творчымі планамі. Завяршылася прэзентацыя шчырымі падзякамі, узаемным абменам падарункамі і дамоўленасцю аб далейшым творчым супрацоўніцтве. Музей беларускага кнігадрукавання атрымаў у падарунак ад стваральнікаў фільма два кампакт-дыскі з запісамі фільмаў “Гісторыя беларускай оперы” і “Беларускі балет. Гісторыя”.

659