«Ад Кірылы і Мяфодзія пачатак...» (да 1150-годдзя стварэння славянскай азбукі)


У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працаваць выстаўка «Ад Кірылы і Мяфодзія пачатак...», падрыхтаваная да пачатку навучальнага года і прысвечаная такой значнай даце, як 1150 гадоў стварэння славянскай азбукі.

Асноўнай тэмай выстаўкі з'яўляецца кірыліца – адна з дзвюх старажытных славянскіх азбук, названая ў гонар славянскага асветніка Кірылы.

Першае наша знаёмства з літарамі звычайна адбываецца ў дзяцінстве праз буквар. Але як выглядалі звыклыя нам літары кірыліцы больш за тысячу гадоў назад? Кім і як былі яны створаны? Менавіта аб гэтым і расказвае наша выстаўка.

На ёй прадстаўлены ўзоры старажытных рукапісных і друкарскіх варыянтаў кірыліцы, выданні так званага грамадзянскага шрыфту XVII-пачатку ХХ стагоддзяў і, вядома ж, прыгожыя сучасныя выданні – буквары, азбукі, дзіцячыя кніжкі, якія часта з'яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і маюць узнагароды розных конкурсаў за мастацкае афармленне і паліграфічнае выкананне.

А таксама на выстаўцы можна ўбачыць разнастайныя мастацкія шрыфты, распрацаваныя «каралём шрыфтоў» з Віцебска Рыгорам Клікушыным, і каліграфічныя кампазіцыі вядомага беларускага мастака-графіка Паўла Семчанкі.

335