Музей беларускага кнігадрукавання адсвяткаваў 25-гадовы юбілей

У гэтым годзе Музей беларускага кнігадрукавання адзначыў 25-годдзе. З гэтай нагоды 10 верасня прайшоў круглы стол «Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні», на якім прысутнічалі нашы калегі з розных беларускіх музеяў: загадчык навукова экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева расказала пра літаратурныя выставы, якія праводзіць іх музей; Галіна Варонава пазнаёміла з падыходамі экспанавання кніг у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы; пра свае кніжныя скарбы распавялі супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Іна Якубовіч і Людміла Томчык з Магілёва. Сваім вопытам працы падзяліліся таксама супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання. Прысутнічалі госці з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Падчас мерапрыемства была праведзена прэзентацыя выставы арыгінальных скарынаўскіх кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

720