Выстаўка "Пеўчыя рукапісныя кнігі XVI-XIX стст. са збору Наўгародскага музея-запаведніка"


Ужо не першы год працягваецца супрацоўніцтва паміж музеямі старажытных Полацка і Ноўгарада. Так, год таму, падчас святкавання 25-годдзя Музея беларускага кнігадрукавання, у нас дэманстраваліся беларускія друкаваныя выданні ХVІ–ХVІІІ стст. з фондаў Наўгародскага дзяржаўнага аб'яднанага музея-запаведніка.
На гэты раз з Вялікага Ноўгарада прыехалі пеўчыя рукапісныя кнігі ХVІ–ХІХ стст. Такія кнігі перапісвалі і аздаблялі шматфарбнымі застаўкамі, буквіцамі ды мініяцюрамі стараверы. Сярод кніг можна ўбачыць і каштоўныя помнікі веткаўскага пісьма. Ветка, што на Гомельшчыне, дала прытулак шматлікім уцекачам-стараверам і стала своеасаблівым цэнтрам кніжнай культуры.
На выстаўцы можна ўбачыць унікальныя ўзоры стараверскай пеўчай традыцыі і кніжнага пісьма, якія і зараз зачароўваюць нас сваёй прыгажосцю, арыгінальнасцю і майстэрствам выканання.
Выстаўка "Пеўчыя рукапісныя кнігі XVI-XIX стст. са збору Наўгародскага музея-запаведніка" працуе ў Музеі беларускага кнігадрукавання да 20 кастрычніка кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10 да 17 гадзін.