Творчая сустрэча з фіналістамі прэміі "Дэбют"


3 чэрвеня ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбылася сустрэча з фіналістамі літаратурнай прэміі «Дэбют».

Полацк наведалі Уладзімір Садоўскі, Сюзанна Паўкштэла, Андрэй Дзічэнка, Надзея Кім і Міхал Бараноўскі, якія прадставілі свае першыя кнігі.

Уладзімір Садоўскі быў адзначаны за кнігу “1813”, якую называюць першым беларускім зомбі-хорарам. Аўтар узяў рэальную гістарычную асобу — Міхала Клеафаса Агінскага, якую прымусіў змагацца з напалеонаўскімі жаўнерамі-зомбі.

Надзея Кім пераклала з англійскай мовы “Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка” Клайва Стэйплза Льюіса. Кнігі пра Нарнію перакладзены на 41 мову. Цяпер першую кнігу серыі можна прачытаць і па-беларуску.

Міхала Бараноўскага адзначылі за паэтычны зборнік “Volumen.1”. Не кожны паэтычны зборнік становіцца з’явай. А кніга Міхала менавіта такая. Арыгінальныя вершы спалучаны з арыгінальным мастацкім афармленнем.

Сюзанна Паўкштэла зрабіла пераклад з літоўскай мовы кнігі “Бог дажджу” Альвідаса Шляпікаса — літоўскага паэта, пісьменніка, акцёра, рэжысёра і сцэнарыста.

Андрэя Дзічэнку ўганаравалі за зборнік апавяданняў “Сонечны чалавек”. Ён піша ў жанры посткіберпанк. “Сонечны чалавек” стаў для яго дэбютам па-беларуску. Гэтая кніжка змяняе погляд на ўсю класічную прозу па-беларуску.