Адкрыццё выставы "Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Ёгана Крыстафа Броцэ (1742-1823) у Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта"


12 кастрычніка 2017 года ў канферэнц-зале Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбылося адкрыццё выставы "Калекцыя малюнкаў і апісанняў Ліфляндыі Ёгана Крыстафа Броцэ (1742-1823) у Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта".

“Выстава была падрыхтавана супрацоўнікамі Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Калекцыя з больш чым 3000 малюнкаў Ёгана Крыстафа Броцэ датуецца канцом XVIII – пачаткам ХІХ стагоддзя і з’яўляецца адной з самых старажытных, самых каштоўных, а таксама самых вядомых і запатрабаваных калекцый бібліятэкі. І гэта не дзіўна, бо Ё.К. Броцэ, таленавіты вучоны, педагог і мастак, шмат падарожнічаў па Ліфляндыі і маляваў усё, што бачыў, што ўяўляла гістарычную ці культурную каштоўнасць, з яго пунткту гледжання: прыроду, будынкі, людзей і рэчы. Ён замаляваў 15 нацыянальнасцей, што жылі на тэрыторыі Ліфляндыі. Рабіў ён гэта з фатаграфічнай дакладнасцю, і з гэтай прычыны калекцыя яго малюнкаў прадстаўляе вялізную цікавасць для даследчыкаў: гісторыкаў і этнографаў,” – распавяла Вента Коцэрэ, дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта.

Калекцыя малюнкаў Ё.К. Броцэ з'яўляецца своеасаблівым брэндам Акадэмічнай бібліятэкі, да яе звяртаюцца даследчыкі з усяго свету, таму ў свой час перад супрацоўнікамі бібліятэкі паўстала пытанне алічбоўкі калекцыі. Прадстаўнікі бібліятэкі распавялі аб сваім вопыце ў працэсе алічбоўкі, а таксама аб падрыхтоўцы самой выставы. Выстава экспанавалася ў 15 краінах свету; Полацк – 37-мы горад, які яе прымае. І невыпадкова яна прыехала сюды менавіта зараз, у знакавы для беларускага кнігадрукавання год.

На адкрыцці выставы прысутнічаў консул Латвійскай рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя. Ён павітаў гасцей выставы і адзначыў, што народы Беларусі і Латвіі спрадвеку жылі побач, і гэтая выстава з'яўляецца адлюстраваннем нашай агульнай гісторыі.

Выстава працуе ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага да 30 лістапада 2017 года.