Супрацоўнікі музея-запаведніка наведалі Акадэмічную бібліятэку Латвійскага ўніверсітэта

7 снежня 2017 г. па запрашэнні дырэктара Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта В. Коцэрэ ўстанову наведалі намеснік дырэктара НПГКМЗ па навуковай рабоце Т. Явіч, загадчык Музея беларускага кнігадрукавання С. Гаўрылава і старшы навуковы супрацоўнік музея В. Філімонава. Мэтай паездкі было правядзенне прэзентацыі музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ўсім, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Асобная размова на сустрэчы была прысвечана прэзентацыі і папулярызацыі кніжнай спадчыны Беларусі ў Музеі беларускага кнігадрукавання.

Мерапрыемства наведалі консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску У. Скуя, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі, дэпутат Латвійскага Сейма А. Лазарава, старшыня аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі В. Целеш, навукоўцы, прадстаўнікі беларускай дыяспары, настаўнікі мясцовых гімназій, супрацоўнікі бібліятэк і ўсе, хто зацікавіўся знаёмствам з гісторыка-культурнай спадчынай старажытнага Полацка.

Госці з Беларусі прэзентавалі прысутным новае выданне - альбом "Кніжныя скарбы Беларусі", якое апавядае пра Музей беларускага кнігадрукавання і рарытэты ў яго экспазіцыі. Альбом папоўніў кніжны фонд Акадэмічнай бібліятэкі. Сустрэча ў Рызе завяршыла шэраг мерапрыемстваў у рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.