Выстаўка "Служэнне роднаму слову"


17 лютага ў Музеі беларускага кнігадрукавання распачне працу выстаўка “Служэнне роднаму слову”. Традыцыйна прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, яна будзе прысвечана беларускім пісьменнікам, паэтам і навукоўцам, чые юбілеі прыходзяцца на 2018 год.

Юбіляры гэтага года Уладзімір Арлоў, Ірына Жарнасек і Навум Гальпяровіч непарыўна звязаныя з Полацкам. Менавіта наш горад неаднойчы натхніў гэтых творцаў на напісанне прыгожых радкоў. Менавіта Полацк апяваюць яны ў сваіх кнігах. І невыпадкова ўсе яны з'яўляюцца даўнімі сябрамі Музея беларускага кнігадрукавання.

Пісьменнікі Анатоль Бутэвіч і Аляксандр Краўцэвіч здольныя зацікавіць гісторыяй роднага краю як паважнага дарослага, так і маленькага гарэзу. Аматарам лірыкі прыйдуцца даспадобы вершаваныя зборнікі Уладзіміра Карызны, Яўгеніі Янішчыц і Канстанцыі Буйло. Дзіцячую літаратуру прадставяць імёны Янкі Маўра і Міколы Чарняўскага. Пра надзвычай цяжкія для беларускай літаратуры часы, часы сталінскіх рэпрэсій, распавядуць пісьменнікі Максім Гарэцкі, Андрэй Мрый, Платон Галавач, Сяргей Грахоўскі і іншыя. Выданні ўсіх названых аўтараў будуць прадстаўлены на выстаўцы, і яны ж яшчэ раз нагадаюць вам аб надзвычайным багацці і разнастайнасці літаратуры на роднай мове, дзе кожны заўсёды зможа знайсці аўтара і твор сабе па сэрцы, і аб прыгажосці роднага слова.

Шчыра запрашаем!