У НАН Беларусі прайшла канферэнцыя, прысвечаная Сімяону Полацкаму

6 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя "Сімяон Полацкі ў культурнай прасторы ўсходніх славян", прысвечаная 390-годдзю з дня нараджэння Сімяона Полацкага. Мерапрыемства арганізавана Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін-удзельніц СНД, Украінскім фондам культуры, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Інстытута сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута філасофіі Расійскай акадэміі навук, Навуковай бібліятэкі імя М. Максімовіча Кіеўскага ўніверсітэта і інш.
З паведамленнем аб дзейнасці Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага, філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, яго 25-гадовым юбілеі, V Міжнароднай навуковай канферэнцыі да 390-годдзя асветніка, арганізаванай Полацкім музеем-запаведнікам у лістападзе 2019 г., і перспектывах правядзення навуковых мерапрыемстваў на радзіме Сімяона Полацкага выступіла загадчык Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава. Удзельнікі канферэнцыі падтрымалі ідэю правядзення міжнароднага форума, прысвечанага 400-годдзю знакамітага палачаніна, у Полацку ў 2029 годзе.

1023