"Кніга Вялікага княства Літоўскага" папоўніць фонды Музея беларускага кнігадрукавання


Каштоўны падарунак атрымаў Музей беларускага кнігадрукавання дзякуючы даўняму сябру музея - Уладзіміру Арлову. Гэта шыкоўнае выданне "Кніга Вялікага княства Літоўскага" на англійскай, беларускай, літоўскай і польскай мовах. Кніга ўяўляе сабой плён сумеснай працы навукоўцаў і пісьменнікаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Выдадзена яна пры падтрымцы фонду "Памежжа" ў Сейнах (Польшча).

На думку ініцыятараў выдання, а імі сталі Чэслаў Мілаш, Анджэй Струміла і Томас Венцлава, кніга "нагадае нашым народам паразы і славу мінулых пакаленняў, дазволіць правільна зразумець сэнс супольнай гісторыі". Разам з тым, як піша А.Струміла ва "Уступе", гэта не падручнік гісторыі і не падсумаванне лёсу ВКЛ, а хутчэй нагода для перагляду гісторыі, што можа паспрыяць большай аб'ектыўнасці яе ацэнкі, а таксама пакажа часта замоўчваную ролю беларусаў у гэтай дзяржаве.
Выданне цікавае не толькі змешчанымі ў ім эсэ, але і шматлікімі ілюстрацыямі. Гэта і выявы гістарычных дзеячаў, і абразы, і шматлікія карты і віды гарадоў. Дарэчы, некаторыя фотаздымкі былі зроблены Зміцерам Герасімовічам у Музеі беларускага кнігадрукавання.
Несумненна, выданне будзе надзвычай карысным як для супрацоўнікаў Музея беларускага кнігадрукавання, так і для супрацоўнікаў іншых музеяў запаведніка.