Выстаўка "Экслібрыс у творчасці мастакоў Віцебшчыны"

16.01.2018 10:00
13.05.2018 17:00

З 16 студзеня 2018 г. у Музеі беларускага кнігадрукавання пачне працу выстаўка, прысвечаная экслібрысу - адыходзячай у небыццё з'яве на мяжы станковай, кніжнай і прыкладной графікі. Аснову яе складаюць прадметы з асабістай калекцыі беларускага мастацтвазнаўца, графіка, педагога Мікалая Аляксандравіча Гугніна.

Яшчэ 30-40 год таму папулярны і запатрабаваны беларускі кніжны знак, ці экслібрыс, з'яўляўся аб'ектам заслужанай увагі шырокага кола аматараў кнігі, мастакоў-графікаў, калекцыянераў і мастацтвазнаўцаў, аднак сёння ён паступова адыходзіць у гісторыю.

У сваім развіцці экслібрыс сфармаваў вялікую і дастаткова арыгінальную галіну графічнага мастацтва са сваімі правіламі, законамі і крытэрыямі, багатай шматвяковай гісторыяй. Звычайна кніжны знак нараджаецца як вынік працы мастака па замове канкрэтнага ўладальніка бібліятэкі. У канцы ж ХХ ст. стваральнікі экслібрысаў пачалі рабіць іх нават і без замоў, па ўласным жаданні. Такія знакі бібліяфілы і калекцыянеры дамовіліся лічыць праектамі кніжных знакаў. У сучасным экслібрысе асоба мастака выходзіць на першы план.

Віцебск адыгрывае ў гісторыі беларускага кніжнага знака асобую ролю: менавіта тут былі створаны першыя беларускія экслібрысы савецкага часу. З Віцебшчынай звязаны імёны такіх вядомых мастакоў-экслібрысістаў, як С. Юдовін, Я. Мінін, Г. Кісялёў, Б. Кузьмічоў, Г. Шутаў, Ю. Баранаў, М. Гугнін, Л. Анцімонаў і інш. Іх творы сярод іншых цікавых экспанатаў можна будзе пабачыць на выстаўцы, якая працягне сваю працу да 13 мая 2018 г.