Віртуальная выстава «Тварыць — штодзённа, апантана — Для чалавека значыць — жыць…». Да 90-годдзя Ніла Гілевіча (2021)

Выстава прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння Ніла Гілевіча (1931—2016) — беларускага паэта, перакладчыка, драматурга, празаіка, фалькларыста, літаратуразнаўца і грамадскага дзеяча.

У фондах НПГКМЗ сабрана даволі прадстаўнічая калекцыя выданняў яго твораў, літаратуразнаўчых і фальклорных зборнікаў. Многія з іх паступілі ў музейны збор у складзе калекцый беларускага журналіста Алеся Матусевіча, а таксама беларускага кампазітара і педагога Мікалая Пятрэнкі. Кнігі Н. Гілевіча выкарыстоўваюцца як у асноўнай экспазіцыі, так і на самых разнастайных выставах.

З дапамогай віртуальнай выставы можна пазнаёміцца з найбольш цікавымі прадметамі з фондаў НПГКМЗ, якія прадстаўляюць яркія старонкі творчасці Ніла Гілевіча.


Біяграфічная даведка

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў 1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Бацька, Сымон Пятровіч, быў сельскім актывістам, старшынёй сельсавета, а маці, Кацярына Мікалаеўна, працавала на гаспадарцы, даглядала дзяцей, якіх, дарэчы, у сям’і было васьмёра. Свайго трэцяга сына бацькі назвалі Нінел (Ленін — наадварот), пазней жа ён памяняў гэтае імя на Ніл. Брат Мікалай таксама стаў пісьменнікам (вядомы як празаік Мікола Гіль).

Да вайны Ніл паспеў скончыць тры класы Слабадской сямігадовай школы. Пасля вызвалення пайшоў у пяты клас у суседнюю вёску Гайна. Адначасова працаваў паштальёнам.

У 1947 г. паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка нямецкай мовы ў адной са школ Мінска. У 1951—1956 гг. вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, дзе актыўна ўключыўся ў студэнцкае літаратурнае жыццё. Пасля заканчэння ўніверсітэта яму было прапанавана месца ў аспірантуры. Кандыдат філалагічных навук (1963).

З 1960 г. — выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ, з 1968 г. — дацэнт, з 1978 — прафесар. Працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда» (1958—1963), быў галоўным рэдактарам альманаха «Далягляды» (1975—1981). З 1980 па 1989 г. — першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

З 1989 г. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Апрача таго, Ніл Гілевіч з’яўляўся членам праўлення Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы (з 1987 г.), старшынёй Фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур (з 1989 г.), старшынёй таварыства «Беларусь — Балгарыя» (з 1991 г.).

З 1985 г. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (з 1990 — старшыня яго Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990). За перакладчыцкую дзейнасць урад Балгарыі ўзнагародзіў Ніла Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені (1966), урад Югаславіі — ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), Украіны — ордэнам князя Яраслава Мудрага ІІІ ступені (2006).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе», а ў 1986 г. ён стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева.

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980), Народны паэт Беларусі (1991).

Памёр 29 сакавіка 2016 г.

Творчасць

Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў у дзевяцігадовым узросце. У 1946 г. (у 15 гадоў) у часопісе «Бярозка» быў змешчаны яго верш «Яблынька».

Вядомы як аўтар шматлікіх арыгінальных кніг паэзіі, рамана ў вершах «Родныя дзеці», першага ў беларускай паэзіі вянка санетаў («Нарач», 1964), зборнікаў сатыры і гумару, аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну» (пра дзіцячыя і юнацкія гады), а таксама кніг «Разумная дзевачка» (2005) і «Добры анёл беларускасці» (2007), прысвечаных жонцы Ніне. Напісаў некалькі зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей, зборнік п’ес «Начлег на буслянцы».

Значныя дасягненні Ніла Гілевіча і ў галіне літаратуразнаўчай навукі і фалькларыстыкі. Надзвычай плённа працаваў ён і як перакладчык. Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.).

Многія лірычныя вершы Гілевіча пакладзены на музыку. Хто не ведае славутую «А я лягу-прылягу…» («Вы шуміце, бярозы»), напісаную на словы паэта кампазітарам Эдуардам Ханком. Вядомымі сталі таксама песні, створаныя І. Лучанком, Дз. Смольскім,  М. Аладавым, П. Гжымайлам К. Цесаковым, М. Сацурам і іншымі беларускімі кампазітарамі. Але ці не найбольшую колькасць песень у сааўтарстве з Нілам Гілевічам напісаў Эдуард Зарыцкі (у тым ліку — «Мару Скарыны»).