Пушча Язэп

20 мая 1902 г. нарадзіўся Язэп Пушча — беларускі паэт, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Сапраўднае яго прозвішча — Плашчынскі. Бацькі, Павел і Міхаліна Плашчынскія, былі непісьменнымі сялянамі, але сям’я, у якой гадаваліся шасцёра дзяцей (чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі) была дружная і працавітая. Язэп быў пятым. Будучы паэт вучыўся спачатку ў народным вучылішчы ў роднай вёсцы Каралішчавічы Мінскага павета, а ў 1915 г. быў залічаны вучнем Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча. Потым вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918 г. прачытаў першую ў сваім жыцці беларускую кнігу — «Шляхам жыцця» Я. Купалы, а праз два гады пазнаёміўся і пасябраваў з Міхасём Чаротам. Пасля заканчэння (1922) дзевяцімесячных курсаў беларусазнаўства наркамасветы БССР, дзе слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю, працаваў інпектарам Мазырскага, Мінскага павятовых аддзелаў народнай асветы, выкладаў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў музычным тэхнікуме ў Мінску.

У 1925—1927 гг. вучыўся ў БДУ, адкуль перавёўся ў Ленінградскі ўніверсітэт, але на 4-м курсе пакінуў вучобу. Працаваў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве.

У 1930 г. быў арыштаваны як член уяўнага «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны на 5 гадоў высылкі. Працаваў бухгалтарам на Урале, у саўгасе каля Анапы, завучам, дырэктарам школы ў Мурамскім раёне. У гады вайны быў мабілізаваны ў армію, вучыўся ў пяхотным вучылішчы, але праз стан здароўя вярнуўся да сваіх дырэктарскіх абавязкаў.

Прысуд быў адменены Вярхоўным судом БССР у 1956 г. У 1958 г. Язэп Пушча вярнуўся з сям’ёй у Беларусь. Памёр 14 верасня 1964 г., пахаваны, паводле яго жадання, на вясковых могілках у Каралішчавічах побач з бацькамі.

Фрагмент выставы «Нам расці — дык мала дня!» (да 100-годдзя літаб’яднання «Маладняк» і Міжнароднага дня роднай мовы). Музей беларускага кнігадрукавання, г. Полацк, 2023

Першыя вершы Я. Пушчы з’явіліся ў друку ў 1922 г. пад псеўданімам «Лясун». А ў 1923 г. ён стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (пазней — і аб’яднання «Узвышша»). З гэтага часу ён пачаў выкарыстоўваць псеўданім «Язэп Пушча». Друкаваўся як паэт і як крытык у часопісах «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», у зборніку «Беларускі дэкляматар «Чырвоны дудар» (1924) і інш. Як і іншыя маладнякоўцы, часта выступаў перад чытачамі ў розных гарадах. Падчас адной з такіх сустрэч, у Слуцку ў 1925 г., малады, але ўжо вядомы паэт пазнаёміўся са Станіславай Шпакоўскай, якая неўзабаве стала яго жонкай.

Адзін за другім выходзілі зборнікі «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929), паэма «Крывавы плакат» (1930).

Зноў друкавацца пасля працяглага перапынку пачаў пасля рэабілітацыі. У 1960 г. выйшлі вершаваная казка «На Бабрыцы» і зборнік «Вершы і паэмы». Тады ж пераклаў на беларускую мову «Дзяцінства Мікіты» А. Талстога. Выдадзены кнігі «Пачатак легенды» (1963), «Вершы і паэма» (1968), «Сады вятроў» (1982). У 1993 г. быў падрыхтаваны «Збор твораў» у 2-х тамах.