Глебка Пятро

6 ліпеня 1905 г. нарадзіўся Пятро Глебка — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Пятро Фёдаравіч Глебка з’явіўся на свет у вёсцы Вялікая Уса Ігуменскага павета (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыцца пачаў са спазненнем, але першае і другое аддзяленне царкоўна-прыхадской школы прайшоў за год. У 1923 г. скончыў Уздзенскую сямігодку і нейкі час працаваў сакратаром сельсавета, а ў 1924 г. паступіў у Мінскі белпедтэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (закончыў у 1930 г.).

Членам «Маладняка» стаў у 1925 г., падчас вучобы ў белпедтэхнікуме, дзе займаліся тады многія маладыя пісьменнікі: Максім Лужанін, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, Зінаіда Бандарына, Паўлюк Трус, Алесь Якімовіч і інш. Праўда, у 1926 г. П. Глебка перайшоў ва «Узвышша» (у 1928—1930 гадах выконваў абавязкі сакратара аднайменнага часопіса).

Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», друкаваўся ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». Быў рэдактарам выдавецтва «Савецкая Беларусь», галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, якое тады працавала ў Маскве. Адначасова з 1944 г. кіраваў работай па складанні «Руска-беларускага слоўніка».

Цікава, што жонка П. Глебкі Ніна засталася ў акупаваным Мінску і працягвала працаваць на радыё. Пры гэтым яна была звязана з падполлем і выратавала яўрэйскую дзяўчынку, якую Глебкі потым удачарылі.

З 1945 г. Пятро Фёдаравіч працаваў у Акадэміі навук БССР. З 1956 г. — ён дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957—1969 гг. — дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у складзе беларускай дэлегацыі неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 18 снежня 1969 г.

Выданне з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Пятро Глебка вядомы перш за ўсё як паэт, але выступаў ён таксама як дзіцячы пісьменнік, перакладчык і драматург.

Першыя яго вершы былі надрукаваны ў 1925 г. Потым былі кнігі паэзіі «Шыпшына» (1927), «Урачыстыя дні» (1930), «Арка над акіянам» (1932), «Арлянка» (1932), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1938), «Пад небам бацькаўшчыны» (1947), «Нашай славы зара» (1947), «Размова аб шчасці» (1948), «У тыя дні» (1957), «Вершы» (1975), «На спатканні гадоў» (1990), «Красы зачарованай россып» (2013).

Для дзяцей выйшлі кніжкі «Пад сцягам перамог» (1952), «Прывітанне Радзіме» (1961), «Вобразы роднай краіны» (1964), «Наш сцяг» (1972), «Наш лес» (1973, 1980), «Шчаслівы май» (1985), «Наша лета» (2013).

Напісаў драматычную паэму «Над Бярозай-ракой» (1940), лібрэта оперы «Андрэй Касценя» («Лясное водгулле», 1971), вершаваную драму «Святло з Усходу» (1957).

Выйшлі кніга нарысаў «Ураджай» (з П. Броўкам, 1933), зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973) і інш. Аўтар многіх навуковых прац у галіне лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі.

Перакладаў на беларускую мову А. Пушкіна (у т.л. «Барыса Гадунова»), М. Лермантава, М. Някрасава, А. Чэхава, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, М. Горкага, У. Маякоўскага, А. Суркова, Т. Шаўчэнку, М. Рыльскага, І. Харыка і інш.

Выходзілі яго «Зборы твораў» у 2-х (1958) , у 3-х (1969—1971) і ў 4-х тамах (1984—1986).