Лужанін Максім

2 лістапада 1909 г. нарадзіўся Максім Лужанін — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Максім Лужанін (сапраўднае імя — Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся ў вёсцы Прусы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Салігорскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і.

Пасля сямігодкі паступіў у Мінскі белпедтэхнікум (1924), дзе сярод яго аднакурснікаў былі Пятро Глебка і Сяргей Дарожны. Усе, хто спрабаваў пісаць (каля дзесяці чалавек), сталі ўзорнай студыяй «Маладняка», якой кіраваў Міхась Зарэцкі. А вясной 1925 г. М. Лужанін быў прыняты кандыдатам у літаб’яднанне «Маладняк». На пасяджэннях «Маладняка» ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — паэткай Яўгеніяй Пфляўмбаўм.

У 1928—1930 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ.  Потым працаваў у рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1930—1931), на Беларускім радыё (1931—1933).

У 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (рэабілітаваны ў 1956 г.). Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці. За ім у Сібір паехала жонка Яўгенія. Пасля вызвалення, у 1935—1941 гг., працаваў у Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве.

На пачатку вайны прызваны ў армію і пасля заканчэння Падольскага пяхотнага вучылішча ўдзельнічаў у баях пад Сталінградам.

Дэмабілізаваўшыся з арміі ў 1944 г., спачатку працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Вожык», а потым рэферэнтам у АН БССР. Гэты перыяд жыцця вельмі цесна звязаны з Якубам Коласам, асабістым сакратаром якога па сутнасці  і з’яўляўся Лужанін.

З 1959 г. — член сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм», у 1967—1971 гг. — галоўны рэдактар студыі.

У 1968 г. удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967—1985 гг.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны ІІ ступені і  медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1969). Лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1965) за кнігу «Колас расказвае пра сябе».

Памёр 13 кастрычніка 2001 г.

Першы верш («Звоніць восень») апублікаваў у 1925 г. у часопісе «Чырвоны сцяг». Аўтар кніг вершаў і паэм «Крокі» (1928), «Новая ростань» (1930), «Неаплачаны рахунак» (1930), «Аднагалосна» (1931), «Галасуе вясна за вясну» (1931),  «Кастычнікам! Ліпенем! Маем!» (1931), «Першамайская вуліца» (1932), «Галасы гарадоў» (1932), «Шырокае поле вайны» (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955), «Прасторы» (1958), «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет” (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы над выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983), «Вярнуся ветрам» (1987).

Выдаў «Вершы для дзяцей» (1948) і паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1960).

Працаваў таксама і ў галіне прозы, крытыкі, публіцыстыкі. Выйшлі кнігі  «Вачыма часу» (успаміны, артыкулы, эсэ; 1964),  «Колас расказвае пра сябе» (1964), «Дванаццаць вячорных вогнішчаў» (1968),  «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» (1973), «Людзі птушкі, прастор» (1976), «З ранку да вечара» (1978),  «Песні з леснічоўкі» (1982), «Сустрэчы» (1982), «Трое» (1989). Выдаў зборнік сатыры і гумару «Сілівон на дачы» (1958).

У 1960 г. выйшлі «Выбраныя творы» ў 2-х тамах, у 1968—1970 гг. — «Збор твораў» у 3-х тамах, у 1979 г. — у 4-х тамах.

Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» (пастаўлены ў 1952) і дакументальнага — «Народны паэт» (1952), з Аркадзем Куляшовым напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаванні» (1960), «Запомнім гэты дзень» (1967). Самому М. Лужаніну прысвечаны дакументальны фільм «Незавершаная хата» (1992).

Разам са сваёй жонкай Я. Пфляўмбаўм шмат перакладаў на беларускую мову: «Жыццё Кліма Самгіна» М. Горкага, «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М. Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава, «Маладую гвардыю» А. Фадзеева, «Яны змагаліся за Радзіму» М. Шолахава, «Пераяслаўскую раду» Н. Рыбака, асобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, М. Някрасава, І. Буніна, У. Сыракомлі, Ю. Тувіма, У. Маякоўскага і інш.