Віртуальная выстава «450 год выдавецкаму прадпрыемству дома Мамонічаў» (2024)

Друкарня братоў Мамонічаў была другой (пасля друкарні Скарыны) па часе з'яўлення ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Яна праіснавала фактычна паўстагоддзя  з 1574 да 1624 г. Кнігі гэтай друкарні асобная старонка ў гісторыі айчыннага кнігадрукавання. Яны шырока разышліся па тагачасным свеце, пра што сведчаць шматлікія прыпіскі на захаваных асобніках.

Непасрэднымі стваральнікамі друкарні былі сыны віленскага купца з Магілёўшчыны Івана Мамоніча Кузьма і Лукаш. Хоць бацька іх быў простага паходжання, Мамонічы як члены сталічнага гарадскога самакіравання лічыліся шляхціцамі. Кузьма Мамоніч пасля абрання яго ў 1568 г. у магістрат горада Вільні купіў частку неабходнага абсталявання, а частку прывёз з сабой з Заблудава друкар Пётр Мсціславец. Прадпрыемства размясцілася ва ўласным доме Мамонічаў, на Вялікай вуліцы. Ёсць меркаванне, што будучыя выдаўцы двойчы пасылалі свайго чалавека ў Маскву для патрэб прадпрыемства, бо на той час там ішла арганізацыя новай друкарні. Звесткі аб гэтай вандроўцы маюцца ў допісах аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага.

Першым выданнем друкарні Мамонічаў стала напрастольнае «Евангелле», праца над якім ішла з 14 мая 1574 па 30 сакавіка 1575 г. Друкаром быў Пётр Цімафеевіч Мсціславец. Ён жа з'яўляўся і аўтарам надрукаванага ў кнізе пасляслоўя. Наступным у свет выйшаў «Псалтыр» (так званы «Псалтыр з чырвонымі кропкамі»). Гэтая кніга датавана 7083 г. ад стварэння свету (што адпавядае 1575 г.) г. і 1576 г. ад Нараджэння Хрыстова. Сапраўднай датай выдання лічыцца 16 студзеня 1576 г. У гэтых выданнях упершыню ў беларускім кнігадруку змешчаны гравіраваныя выявы евангелiстаў.

Следам выйшла перавыданне «Апостала» 1564 г., надрукаванага ў Маскве. Цікава, што на апошнім аркушы кнігі быў надрукаваны тэкст каралеўскага прывілея Мамонічам на права друкаваць рэлігійныя і свецкія выданні, таму яе часта называюць «Апосталам з прывілеем».

Яшчэ адной кнігай, выдадзенай у супрацоўніцтве з Пятром Мсціслаўцам, быў «Часаслоў». Пасля гэтага адносіны Мамонічаў і Мсціслаўца былі разарваныя. Па рашэнні суда, Кузьма Мамоніч быў прымушаны аддаць Мсціслаўцу абсталяванне друкарні і выплаціць яму 30 коп літоўскіх грошаў, а сабе пакінуць наклады выдадзеных кніг.

Аднавіць кнігавыданне браты Мамонічы здолелі толькі праз пяць год. У 1582 г. у іх пачаў працаваць Грынь Іванавіч гравёр, ліцейшчык, друкар, вучань Івана Фёдарава, які да таго працаваў у яго астрожскай друкарні. Грынь зрабіў гэта, праігнараваўшы забарону Івана Фёдарава працаваць з іншымі друкарамі.

У Вільні Грынь Іванавіч адліў для друкарні Мамонічаў два шрыфты: царкоўнаславянскі курсіў новага малюнку і тэкставую кірыліцу. Абодва шрыфты былі ўпершыню ўжытыя ў 1585 г. для друку «Зборніка павучанняў». У гэтай кнізе Кузьма і Лукаш Мамонічы змясцілі ўласна напісанае прысвячэнне канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Астафію Валовічу і панегірык яму ж на старабеларускай мове аўтарства Андрэя Рымшы.

У 1585 г. Лукаш Мамоніч заняў пасаду скарбнага Вялікага Княства Літоўскага. Яго жонкай была дачка мсціслаўскага кашталяна Сямёна Войны Варвара. Войну выдаўцы прысвяцілі «Евангелле вучыцельнае», што выйшла ў 1595 г., адну з самых знакамітых кніг друкарні Мамонічаў.


У экспазіцыі «Музея беларускага кнігадрукавання» прадстаўлена арыгінальнае выданне Евангелля вучыцельнага 1595 г., надрукаванае кірылаўскім шрыфтам у два колеры на паперы ручнога адліву з вадзянымі знакамі, аздобленае арнаментам, ксілаграфічнымі застаўкамі і канцоўкамі, ламбардамі, у пераплёце ХVIII ст., на дошках, пакрытых аксамітам, змацаваным дзвюма бронзавымі зашпількамі з кветкава-раслінным арнаментам. Кніга была набытая ў 1989 г. у краме «Мосбуккнига» (г. Масква).


Кузьма i Лукаш Мамонiчы даволі эфектыўна вялі кнiгавыдавецкую дзейнасць. Яны атрымалi некалькі каралеўскiх прывiлеяў на права выпускаць рэлiгiйныя i свецкiя кнігi, прадаваць iх i вывозiць за мяжу. У 1586 г. Стэфан Баторый падпісаў у Гродне прывілей купцам Мамонічам на выданне кніг, згодна з якім яны атрымалі выключнае права на друкаванне рускіх, славянскіх і грэчаскіх кніг на ўсё жыццё, а таксама права беспадатковага продажу сваіх выданняў у Рэчы Паспалітай і за яе межамі. Пасля смерці Стэфана Баторыя ў 1587 г. Мамонічы атрымалі ўжо ад караля Жыгімонта III новы прывілей – на друкаванне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цікава, што права на выданне было дадзена каралеўскім прывілеем кіраўніку складання Статута падканцлеру Льву Сапегу. Гэта першы ў айчынным кнігадруку прыклад афіцыйна аформленага падзелу друкарскіх і выдавецкіх функцый.

Друкаванне важных дзяржаўных дакументаў было найбольш значнай часткай дзейнасцi братоў Мамонiчаў. Першым афіцыйным выданнем іх друкарні быў «Трибунал обывателям Великого князства Литовского на сейме варшавском даны. Року 1581», надрукаваны ў 1586 г.

Для задавальнення патрэб усіх дзяржаўных устаноў Статут аб'ёмам больш за 600 аркушаў неабходна было выдаць вялікім тыражом. З гэтай прычыны выдаўцы павялічылі магчымасці сваёй друкарні, набыўшы два дадатковыя камплекты абсталявання.

У друкарні Мамонічаў выдаваліся і іншыя афіцыйныя дакументы, напрыклад, «Гаспадарскі ліст» (1589) Жыгімонта III канстанцінопальскаму патрыярху Іерэміі.

У 1606 г. памёр Лукаш Мамоніч, а ў 1607 г.  яго брат Кузьма. Апошнім выданнем, якое мае выдавецкі адрас «В друкарні дому Мамонічаў», стаў зборнік пастаноў Варшаўскага вальнага сойма 1607 г. Ад таго года ўсе кнігі выходзілі пад імем Лявона Мамоніча (сына Кузьмы), які ў 1614 г. атрымаў тытул «друкара яго каралеўскай міласці». 

За час кіраўніцтва Лявона Мамоніча ў друкарні выйшла не менш за 58 выданняў, у тым ліку каля 20 кірылічных на славянскай і старабеларускай мовах, чатыры з якіх мелі яго ўласныя прадмовы і прысвячэнні; быў наладжаны выпуск афіцыйных выданняў, падручнікаў, палемічных твораў, богаслужбовых кніг.

У 1620-х гг. Лявон Мамоніч, член уніяцкага брацтва Св. Тройцы, перадаў сваю друкарню віленскім базыльянам, і яе перавезлі з дома на Вялікай вуліцы ў Свята-Траецкі манастыр.