Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання наведалі Міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш у Мінску

З 6 па 10 лютага ў Мінску праходзіла Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, арганізатарам якой з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета выстава прайшла ўжо ў дваццаць шосты раз. Гэтую падзею з нецярпеннем чакаюць усе, хто звязаны з кнігай: выдаўцы, пісьменнікі, кнігагандляры. А для беларускіх аматараў кнігі гэта сапраўднае кніжнае свята. Шматлікія прэзентацыі, аўтограф-сесіі вядомых пісьменнікаў даюць магчымасць сустрэцца з любімым аўтарам і набыць на памяць кнігу з яго дароўным надпісам.

Вядома ж, не маглі прапусціць выставу і супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання. Бо дзе яшчэ можна пазнаёміцца з лепшымі набыткамі беларускага і замежнага кнігавыдання і завесці цікавыя знаёмствы з літаратарамі і выдаўцамі.

На выставе дэманструецца ўсё лепшае, што створана за год. А лепшыя з лепшых – выданні-лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» – атрымліваюць падчас кірмаша заслужаныя ўзнагароды. Менавіта гэтыя выданні потым перадаюцца Міністэрствам інфармацыі ў Музей кнігадрукавання і займаюць пачэснае месца ў яго экспазіцыі.

737