Прэзентацыя зборніка вершаў Алеся Замкоўскага «Наступны прыпынак»

7 верасня ў Полацку прайшла прэзентацыя дэбютнага зборніка вершаў Алеся Замкоўскага «Наступны прыпынак». Мерапрыемства было прымеркавана да дня нараджэння Музея беларускага кнігадрукавання, якому споўнілася 29 гадоў.
У нашым горадзе Алесь Замкоўскі чалавек вядомы. Тут ён нарадзіўся і вырас, закончыў гімназію № 1. Многія памятаюць, што з 2007 па 2013 г. ён працаваў карэспандэнтам газеты «Полацкі веснік». А зараз Алесь з'яўляецца кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Паэзія – даўняе захапленне сп. Алеся. Таму ў яго дэбютным зборніку сабраны лепшыя вершы аж за 15 гадоў. Піша малады паэт пераважна свабодныя вершы, якія не абмяжоўваюць аўтара ні рытмам, ні рыфмай. Не абмежаваны Алесь Замкоўскі і тэмамі. У яго паэтычным арсенале маюцца як інтымная лірыка, так і творы сацыяльнага гучання.
Сама сустрэча прайшла ў прыемнай і ўтульнай атмасферы, у чым не апошнюю ролю адыграла месца правядзення – Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага з яго стылёвым інтэр'ерам. Падчас імпрэзы аўтар зачытваў выбраныя вершы са зборніка, суправаджаючы іх адпаведнымі каментарамі. Далей пачаўся бурны дыялог з аудыторыяй. Галоўнаму госцю задавалі самыя розныя пытанні: пра асаблівасці полацкай паэзіі, пра працу ў тэатры, пра месца паэтаў у грамадстве і г. д.
Напрыканцы сустрэчы музей пахваліўся новым набыткам: арыгінальнай рукапіснай кнігай 1887 г. «Церковные истории Смутного времени в России», створанай у Полацку ў стараверскім асяродку. Атрымаў музей падарункі і ад гасцей, сярод якіх былі надзвычай рэдкія ўзоры полацкага самвыдату 1990-х гг., у тым ліку «Сказ пра Лысую гару».
Афіцыйная частка мерапрыемства скончылася аўтограф-сесіяй. Госці актыўна набывалі экзэмпляры зборніка, а сам аўтар шчодра пакідаў на іх дароўныя надпісы. Неафіцыйная частка прайшла ў кавярні «Братчына», дзе для гасцей быў уладкаваны невялікі фуршэт з салодкімі прысмакамі.
Спадзяемся, што традыцыя святкаваць дзень народзінаў музея разам з цікавымі гасцямі будзе працягвацца і далей!

772