Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання прынялі ўдзел у канферэнцыі НАН Беларусі

12 і 13 верасня ў Мінску праходзіла Х Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў», арганізатарам якой выступіў «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
Сярод шматлікіх секцый канферэнцыі, на якіх абмяркоўваліся праблемы архітэктуры, тэатральнага і музычнага мастацтва, этналогіі, фалькларыстыкі, захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны, працавала і падсекцыя музеязнаўства. У яе рабоце прынялі ўдзел загадчык Музея кнігадрукавання Славіна Гаўрылава і вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева. Першая выступіла з дакладам «Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага як унікальная мемарыяльная прастора» (гэтая тэма надзвычай актуальная ў год, калі адзначаецца 390-годдзе Сімяона Полацкага і 25-годдзе прысвечанага яму Музея-бібліятэкі); другая ж закранула «Тэму Заходняй Беларусі ў экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці Музея беларускага кнігадрукавання», што таксама звязана з сёлетнім юбілеем – 80-годдзем аб'яднання Заходняй Беларусі і БССР. Абодва выступленні выклікалі цікавасць і шматлікія пытанні слухачоў.
Вельмі цікава было паслухаць выступленні калег з розных мясцін Беларусі, а таксама гасцей з Расіі: абмяркоўваліся пытанні захавання і адраджэння гістарычнага касцюма і алічбоўкі калекцый, роля музеяў у фарміраванні статусу краіны і ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, датаванне абразоў і актуальны стан беларускіх віртуальных выстаў.
Такія сустрэчы надзвычай карысныя, паколькі яны дазваляюць абмеркаваць актуальныя праблемы і абмяняцца вопытам у іх вырашэнні. Ад прадстаўніка Акадэміі навук прагучала прапанова сабрацца наступны раз у Полацку – у верасні 2020 г. Музею беларускага кнігадрукавання спаўняецца 30 гадоў – і правесці круглы стол з удзелам рэгіянальных музеяў Беларусі і Расіі.

666