Вечар памяці Пятра Васючэнкі

Учора, 3 кастрычніка, у сценах Музея беларускага кнігадрукавання прайшоў вечар памяці літаратара Пятра Васючэнкі. Мерапрыемства было прымеркавана саракавінам з дня смерці пісьменніка. Разам з сябрамі, знаёмымі і проста неабыякавымі да творчасці Пятра Васільевіча людзьмі была і сям'я аўтара: яго жонка Ніна Іванаўна і дачка Марыля.

Полацк, як месца сустрэчы, быў абраны невыпадкова: наш старажытны горад – радзіма Пятра Васільевіча, якая, як заўсёды адзначаў сам аўтар, склала яго тэмперамент і сфарміравала асобныя рысы характару.

Здавалася, зусім нядаўна ў гэтай самай зале мы сустракаліся з літаратарам, узгадавалі яго 12 подзвігаў (па аналогіі з кнігай Пятра Васільевіча «Дванаццаць подзвігаў Геракла»), смяяліся, спявалі песні, бралі ў пісьменніка аўтографы.

Для ўсіх нас стала поўнай нечаканасцю вестка пра яго смерць.

На вечар памяці прыйшлі з цёплымі словамі сябры і знаёмыя аўтара: члены літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне» Валянціна Сопікава і Людміла Мяхедка, прафесар кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ Аляксандр Гугнін, добрая сяброўка сям'і Наталля Купрыянчык, кіраўнік тэатра «КапялюШ» Андрэй Рэцікаў, які напрыканцы сустрэчы паказаў гасцям лялечны спектакль «Авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага» па матывах вядомай кнігі Пятра Васючэнкі.

Музей беларускага кнігадрукавання выражае шчырыя спачуванні родным і сябрам гэтай таленавітай асобы. Светлая памяць пісьменніку, літаратуразнаўцу і проста слаўнаму чалавеку Пятру Васільевічу Васючэнку.

826