Рукапісная кніга. Еўфрасіння Полацкая

На мінулым тыдні Музей беларускага кнігадрукавання сустракаў вучняў полацкіх школ на занятках, прысвечаных рукапіснай кнізе на Беларусі. Хлопчыкі і дзяўчаты даведаліся, якімі ж яны былі, самыя старажытныя беларускія кнігі, з якіх матэрыялаў і, галоўнае, якім чынам яны ствараліся. Дзеці наведалі майстэрню манаха-перапісчыка і ўзгадалі самую знакамітую жанчыну-перапісчыцу ХІІ стагоддзя – Еўфрасінню Полацкую. Яны паспрабавалі сябе ў якасці даўніх ілюмінатараў – мастакоў, што ўпрыгожвалі старонкі рукапісных кніг, а таксама ў якасці сучасных вучоных-палеографаў, патрэніраваўшыся чытаць старажытныя пісьмёны. Напрыканцы заняткаў нашы маленькія госці прыйшлі да высновы, што стварэнне рукапіснай кнігі – справа вельмі складаная і працаёмкая, і тым больш каштоўным з’яўляецца для чалавецтва вынаходства кнігадрукавання.