"Літаратурны дэсант" у Музеі беларускага кнігадрукавання

Люты пачаўся ў Музеі кнігадрукавання надзвычай цікавай літаратурнай імпрэзай. У першы дзень месяца ў Полацк завіталі пісьменнікі з Віцебска, каб прэзентаваць новы — ужо пяты! — выпуск літаратурнага альманаха «Ратуша», які выдае Віцебскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узначаліла гэты «літаратурны дэсант» Анастасія Лазебная (яна ж Стася Наркевіч), якая з'яўляецца нязменным складальнікам альманаха. Апрача яе, завіталі да нас Людміла Сіманёнак, Наталля Салаўёва, Міхась Мірановіч ды Міхась Конан.

Альманах змяшчае творы не толькі аўтараў з Віцебшчыны. Напрыклад, пісьменніца і мастачка Людміла Андзілеўка прадставіла Мінск.
Ва ўтульнай зале Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага сабраліся тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без паэтычнага слова. Лірычныя вершы чаргаваліся з жартоўнымі абразкамі, і ўсе выступленні знаходзілі эмацыянальны водгук у аўдыторыі.

У падарунак музею госці, па традыцыі, пакінулі свае выданні з аўтографамі.

781