Выстава "Пад гербам Полацка і сцягам маладосці" (маладыя аўтары Полаччыны ХХ–ХХІ стст.)

22 мая ў Музеі беларускага кнігадрукавання адкрылася выстава, прысвечаная творчасці маладых літаратараў Полаччыны, якая прадстаўлена ў кантэксце беларускай літаратуры ад пачатку ХХ стагоддзя да нашых дзён.

Паняцце “маладой літаратуры” разглядаецца ў некалькіх аспектах: як літаратура новая, сучасная, як творчасць маладых аўтараў і як творы для юнацтва. Матэрыялы выставы ўзгадваюць тых паэтаў, якія стаялі ля вытокаў маладой беларускай літаратуры і якія засталіся ў яе гісторыі, нягледзячы на малады ўзрост; знаёмяць з лёсам пісьменнікаў 1920–1930-х гг., з дзейнасцю літаратурных арганізацый “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП. Далей выстава расказвае пра пачатак літаратурнай дзейнасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў пасляваенны перыяд, прадстаўлены першыя выданні класікаў сучаснай беларускай літаратуры (І. Мележа, І. Шамякіна, У. Караткевіча, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна). Паказаны таксама асноўныя літаратурныя беларускія часопісы для моладзі (“Маладосць”, “Першацвет”) і серыі кніг для маладых аўтараў. Вядома ж, асвятляецца літаратурнае жыццё Полаччыны канца ХХ – пачатку ХХІ ст., дзейнасць літаратурных суполак “Наддзвінне”, “ТВЛ”, багата прадстаўлена творчасць нашых пісьменнікаў-землякоў Н. Гальпяровіча, Г. Кірылава, А. Замкоўскага і іншых.

У інфакіёску, размешчаным на выставе, прадстаўлена серыя відэа, на якіх свае любімыя вершы на роднай мове чытае таленавітая беларуская моладзь – вядомыя спартсмены, лідары музычных гуртоў, акцёры.

1077