Стараабрадніцкія кнігі з фондаў Наўгародскага і Полацкага музеяў-запаведнікаў

Музей беларускага кнігадрукавання запрашае на выставу "Стараабрадніцкія кнігі з фондаў Наўгародскага і Полацкага музеяў-запаведнікаў".

Стараабрадцы (або стараверы) – этнаканфесійная група, прадстаўнікі якой рассяліліся на беларускіх землях у сярэдзіне XVII ст. Гэтаму папярэднічала рэформа Рускай праваслаўнай царквы, якую ініцыяваў патрыярх Нікан. Яна раскалола грамадства на тых, хто падтрымаў яе, і тых, хто адмовіўся. За апошнімі і замацавалася назва "стараверы". Пад пагрозай рэпрэсій яны эмігрыравалі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Стараабрадцы заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры: на Падзвінні (Браслаў, Відзы) і на Палессі (Ветка).

Стараабрарадцы даўжэй за прадстаўнікоў ўсіх іншых канфесій захоўвалі сваю вернасць рукапіснай кнізе і стварылі сапраўды ўнікальную кніжную культуру. У афармленні стараабрадніцкіх кніг выдзяляюць некалькі мастацкіх стыляў: паморскі (Памор'е), гусліцкі (Маскоўская губерня), веткаўскі (Палессе) і паволжскі (Паволжа).

На выставе прадстаўлены рукапісныя і друкаваныя стараабрадніцкія кнігі XVIII – пачатку XX стст. з фондаў Наўгародскага аб'яднанага музея-запаведніка і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Некаторыя з іх, такія як "Жыціе Грыгорыя Амірыцкага" і "Паморскія адказы" (са збору Наўгародскага запаведніка), "Апостал" і "Канонік" (са збору Полацкага запаведніка), дэманструюцца публіцы ўпершыню.

Выстава працуе да 25 кастрычніка. Уваход вольны.

964