Віртуальная выстава «Пішы, як Рэмарк». Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна (2021)

Выстава прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна (1921—2004), вядомага як таленавіты празаік, а таксама драматург, кінасцэнарыст, актыўны грамадскі дзеяч.

У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (НПГКМЗ) захоўваецца даволі значная колькасць выданняў яго твораў, многія з якіх паступілі ў музейны збор у складзе калекцыі беларускага журналіста Алеся Матусевіча (які ўсё жыццё збіраў беларускія кнігі і перыёдыку), некаторыя творы графікі — у прыватнасці экслібрысы Івана Шамякіна — а таксама фотадакументы і рукапісы.

Назву выставе дала цытата з рамана "Сэрца на далоні". Выраз "Па-мойму, калі ты ўжо ўзяўся пісаць, дык пішы, як Рэмарк..." ужыты персанажам вядомага твора ў даволі іранічным кантэксце, але ў дачыненні да творчасці Івана Шамякіна яна мае цалкам сур'ёзны змест.

З дапамогай віртуальнай выставы можна пазнаёміцца з найбольш цікавымі прадметамі з фондаў НПГКМЗ, якія прадстаўляюць яркія старонкі творчасці пісьменніка.


Біяграфічная даведка

Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і лесніка. Скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940—1945 гг. служыў у Савецкай Арміі (камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна). У 1945—1948 гг. настаўнічаў. З 1946 г. вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу (1950). Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, быў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». У 1954—1980 гг. уваходзіў у праўленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1980 да 1992 г. — галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя».

У 1963 г. як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963—1985) і СССР (1980—1989). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1971—1985). Член-карэспандэнт АН БССР.

Герой Сацыялістычнай Працы (1981). Народны пісьменнік БССР (1972). Узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. У 1994 г. абраны акадэмікам АН Беларусі.

Памёр 14 кастрычніка 2004 г.

Творчасць

Пачаў пісаць мастацкія творы на роднай мове яшчэ да вайны. На фронце друкаваў замалёўкі ў армейскай газеце на рускай мове. У 1945 г. надрукаваў аповесць «Помста» (часопіс «Полымя»).

Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949), «Крыніцы» (1957), «Сэрца на далоні» (1964), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1979), «Петраград — Брэст» (1983), пенталогіі «Трывожнае шчасце» (1957—1965) і інш., а таксама шматлікіх кніг апавяданняў і аповесцей. Пісаў п’есы і кінасцэнарыі, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы.

Творы Івана Шамякіна карысталіся вялікай папулярнасцю і не толькі ў Беларусі. Паводле апытанняў канца 1970-х гг., ён быў у СССР на 5-м месцы па чытальнасці. Прычына такой шырокай чытацкай аўдыторыі як ў вострай праблематыцы яго твораў, так і ва ўменні будаваць напружаныя дынамічныя сюжэты, інтрыгаваць чытача, ствараць глыбокія, запамінальныя характары. Вядома, як чалавек свайго часу, І. Шамякін не мог глядзець на жыццё інакш, як праз прызму пануючай камуністычнай ідэалогіі. Ад літаратуры патрабавалі адлюстравання гераічных учынкаў і рамантыкі працоўных будняў. Усё гэта было ў раманах Шамякіна, але было і іншае, па тым часе наватарскае — паказваць унутраны свет галоўных герояў праз іх інтымнае жыццё, праз разгортванне канфліктаў і перыпетый духоўнага развіцця.