Супрацоўнікі музея-запаведніка на прэзентацыі Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі

4 лютага супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка наведалі прэзентацыю Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі, якая праходзіла ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Перад прысутнымі выступілі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці гэтай жа ўстановы Алесь Суша, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Лапаціна і дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева.

Удзельнікі абмяркоўвалі рэалізацыю праекта Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Беларусі, распрацаванага для ўліку кніжнай спадчыны, якая захоўваецца ў кніжных зборах нашай краіны, у тым ліку прыватных. На сённяшні дзень у рэестр унесены звесткі пра больш як 1000 кніжных помнікаў, што зараз захоўваюцца ў Нацыянальнай бібіліятэцы Беларусі. У будучым гэтая база будзе папаўняцца супрацоўнікамі шматлікіх устаноў нашай краіны, у сценах якіх зберагаюцца кніжныя помнікі, а пры жаданні і прыватнымі асобамі з усіх куткоў рэспублікі. Рэестр дамапожа не толькі ў захаванні і ўліку кніжных помнікаў, але і адкрые доступ да кніжнага скарбу Беларусі для ўсіх зацікаўленых.

913