Акцыя «Кніга. Кава. Каханне»

14 лютага штогод адзначаецца Дзень усіх закаханых. Але не ўсе ведаюць, што адначасова святкуецца яшчэ і Міжнародны дзень дарэння кніг. Мы вырашылі аб’яднаць гэтыя два цудоўныя святы ў адно – Дзень усіх закаханых у кнігі.

Любоў да кніг найбольш моцна адчуваецца ў атмасферы цяпла і ўтульнасці. Запрашаем тых, хто хоча па-асабліваму адзначыць гэтае свята, у Музей беларускага кнігадрукавання. Гэтая нядзеля ў музеі пройдзе пад дэвізам «Кніга. Кава. Каханне». Будзе арганізаваная зона буккросінгу, дзе можна выбраць для сябе ці сваіх блізкіх кнігу, пакінуўшы ўзамен ужо прачытаную, бо ў яе можа закахацца хтосьці іншы. У кожнай падрыхтаванай для вас кнізе чакае маленькі сюрпрыз – святочная валянцінка. І вы таксама можаце пакінуць камусьці сваю валянцінку, тут жа падпісаўшы яе.

У адной з залаў музея – з арачнымі скляпеннямі і стылізаваным інтэр’ерам – можна адшукаць утульны куток і з асалодай пагартаць выбраную кнігу. Тут жа будзе працаваць сувенірная лаўка, у якой можна набыць падарунак для каханага чалавека. А цеплыні дадасць філіжанка гарачай італьянскай кавы!

Няхай у Дзень усіх закаханых у кнігі ў вашай Кнізе жыцця з’явіцца новая старонка!

877