Падарунак да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі

У 15-ці залах Музея беларускага кнігадрукавання захоўваецца вялікая колькасць сур'ёзных і каштоўных кніг, разлічаных пераважна на дарослую аўдыторыю. Тым не менш, шмат цікавага тут могуць для сябе знайсці і маленькія госці. Так, у адной з залаў музея сабраны самыя разнастайныя формы сучасных выданняў для дзяцей, сярод якіх ёсць кніга-лялька, кніга-піяніна і нават кніга-паплавок. Пры гэтым калекцыя дзіцячых кніг у фондах музея безперапынна папаўняецца.

І так супала, што напярэдадні Міжнароднага дня дзіцячай кнігі да нас прыехаў цудоўны падарунак з Мінска: дзве беларускія дзіцячыя пісьменіцы (а па сумяшчэнні — яшчэ і сёстры) Алена Масла і Наталля Бучынская перадалі выданні сваіх твораў з шыкоўнымі ілюстрацыямі беларускіх мастакоў. Да таго ж літаратаркі аздобілі ўсе падараваныя кнігі адмысловымі дароўнымі надпісамі.

Не можам не паказаць гэтую прыгажосць вам. Зірніце на старонкі будучых музейных прадметаў!

  

824