Памяць пра Яна Баршчэўскага

На днях здарылася нагода, каб успомніць імя аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры – Яна Баршчэўскага. У Полацк была прывезена надмагільная пліта пісьменніка, знойдзеная два гады таму ва ўкраінскім горадзе Чуднаў. На мерапрыемства былі запрошаны супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання.

Своеасаблівы талент Яна Баршчэўскага выхоўваўся на народных паданнях і павер’ях беларускіх сялян, у акружэнні якіх рос хлапчук у засценку Мурагі на Полаччыне. Але таямніцы і да сёння акружаюць жыццё славутага пісьменніка. Разгадваючы гэтыя загадкі, мы знаёмімся з яго шматграннай асобай.

Працяглы час творчасць Яна Баршчэўскага заставалася па-за ўвагай беларускіх чытачоў і даследчыкаў. На працягу ўсяго XX стагоддзя яго творы толькі фрагментарна перакладаліся і публікаваліся на беларускай мове. Поўны пераклад знакамітай кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», зроблены Міколам Хаўстовічам, выйшаў толькі ў 1990 г. Па матывах твора ў 1994 г. рэжысёрам Віктарам Туравым была знятая аднайменная стужка на кінастудыі «Беларусьфільм». А праз тры гады на радзіме пісьменніка з’явіўся помнік. Зараз мы маем ужо не адно перавыданне твораў Я. Баршчэўскага, а таксама цэлы шэраг прысвечаных яму даследаванняў. Рэдкая выстава ў музеі абыходзіцца без узгадкі пра знакамітага земляка.

У красавіку 2019 г. у Чуднаве была ідэнтыфікаваная надмагільная пліта Яна Баршчэўскага, якая месцілася на адным з прыватных падворкаў. На ёй маецца надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў». На сродкі Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл у Чуднаве быў адкрыты помнік Я. Баршчэўскаму, а таксама арганізавана рэстаўрацыя надмагільнай пліты ў Мінску.

Так з кожным годам наша памяць аб Яне Баршчэўскім усё больш набывае матэрыяльнае ўвасабленне.

906