Дыялог аб цагліне

18 красавіка, у Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, у Музеі беларускага кнігадрукавання адбылося адмысловае мерапрыемства, накіраванае на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Полацка. Аляксандр Салаўёў, археолаг, магістр гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НПГКМЗ, прачытаў адкрытую лекцыю «Дыялог аб цагліне», прысвечаную традыцыям цаглянай вытворчасці на Полацкай зямлі. Цэгла – асноўны будаўнічы матэрыял для любога помніка архітэктуры ў горадзе. У розныя часы яна была рознай, у залежнасці ад гістарычных абставін, у якіх яна з’яўлялася, і, галоўнае, якія задачы выконвала, якія пабудовы складала. Пра гэтыя і іншыя лагічныя сувязі і заканамернасці, сакрэты і цікавосткі распавёў Аляксандр Аляксандравіч слухачам.

Акрамя таго, падчас лекцыі працавала выстава артэфактаў – будаўнічых матэрыялаў розных часоў, у тым ліку фрагментаў плінфы Сафійскага сабора ХІІ ст., фігурнай цэглы, двуручнай цэглы XV–XVІ стст., следавікоў і цэглы з клеймамі ХІХ – пачатку ХХ стст.

826