Да 140-годдзя Янкі Журбы

30 красавіка спаўняецца 140 год з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Журбы

Янка Журба (1881—1964)

Янка Журба (сапр. Іван Якаўлевіч Івашын) нарадзіўся ў вёсцы Купніна Лепельскага павета (зараз Чашніцкі р-н). Але так атрымалася, што лёс яго звязаў з Полацкам.

У 1898 г. Янка паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю, пасля заканчэння якой настаўнічаў у школах Себежскага і Гарадоцкага паветаў. А ў 1906 г. стаў студэнтам Глухаўскага настаўніцкага інстытута Чарнігаўскай губерні. Менавіта ў гэты час адбылося знаёмства з першымі нумарамі беларускай газеты «Наша ніва». Яна зрабіла такое моцнае ўражанне на студэнта, што ён сам пачаў пісаць вершы па-беларуску. Першы верш пад назвай «На беразе Дзвіны» быў змешчаны ў «Нашай ніве» ў 1909 г. З таго часу вершы і апавяданні Я. Журбы рэгулярна з'яўляліся ў «Нашай ніве», часопісах «Маладая Беларусь», «Лучынка», а пазней у газеце «Савецкая Беларусь», часопісе «Полымя» і іншых выданнях.

Першая паэтычная кніга Янкі Журбы «Заранкі» выйшла ў Мінску ў 1924 г. Яна не стала падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі, бо не несла таго рэвалюцыйнага пафасу, які мог бы забяспечыць ёй авангардныя пазіцыі ў літаратуры таго часу. Але затое ў вершах, напоўненых фальклорнай вобразнасцю, адчуваліся лірызм і душэўнасць.

Першы зборнік вершаў Я. Журбы «Заранкі» (1924)

Значная частка жыцця Івана Якаўлевіча была звязана з педагагічнай дзейнасцю. Працаваў у навукова-педагагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага акруговага аддзела народнай асветы, у Магілёўскім медвучылішчы. У 1934 г. пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, але з-за пагоршання зроку вымушаны быў пакінуць гэтую працу. Выкладаў спевы ў вясковай школе ў Чашніцкім раёне, займаўся літаратурнай працай. На жаль, рукапісы некалькіх падрыхтаваных зборнікаў загінулі ў час вайны.

Стаўшы інвалідам, амаль страціўшы зрок, урэшце перабраўся ў Полацк, дзе і правёў апошнія гады жыцця (памёр у 1964 г.) і быў пахаваны на Ксавер'еўскіх могілках.

Шыльда на доме вул. Камуністычная, 21

Апрача яго першай кнігі «Заранкі», якая знаходзіцца ў асноўнай экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання, у музейных фондах захоўваецца некалькі выданняў паэта розных гадоў: «Сонечная раніца» (1955), «Ясныя шляхі» (1959), «Роднае» (1980), «Мая песня» (1984) і іншыя, што дае магчымасць прадстаўляць гэтую цікавую асобу на самых розных выставах.

Выданні з фондаў НПГКМЗ

796