«Вяртанне забытага імя»

У Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, цэнтрам прыцягнення ўвагі стаў Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага: тут прайшло адмысловае мерапрыемства «Вяртанне забытага імя». Адкрыла яго загадчыца Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава з вітальным словам да гасцей мерапрыемства. Вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева правяла фрагмент аўтарскай экскурсіі «Сцежкамі мінулага», прысвечанай дамаскоўскаму перыяду жыцця Сімяона Полацкага, а таксама пазнаёміла гасцей з біяграфіяй Міколы Прашковіча — выбітнага, але дагэтуль мала вядомага беларускага даследчыка ранняй творчасці Сімяона. Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя рукапісу кандыдацкай дысертацыі Міколы Прашковіча, прысвечанай асветніку, абароненай ім яшчэ ў 1964 годзе, але на дзесяцігоддзі забытай і страчанай для шырокай аўдыторыі. Музейныя супрацоўнікі распавялі аб вяртанні яе ў навуковы ўжытак і падрыхтоўку да публікацыі сіламі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Завяршылася мерапрыемства сімвалічным укладаннем дысертацыі ў музейную вітрыну і адкрыццём выставы «Вяртанне забытага імя».

Выстава працуе ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага да 30 мая.

831