«Псалом ест... детем малым початок всякое доброе наукы...»

Ці ўсе памятаюць, які сёння дзень? Пятніца, скажаце вы, а яшчэ — 6 жніўня… А вось гэтую дату варта ведаць кожнаму беларусу. Бо 6 жніўня 1517 года (гэта значыць 504 гады таму) з’явілася на свет першае выданне Францыска Скарыны «Псалтыр». Дакладней — «Песни царя Давыда еже словуть Псалтыръ». Менавіта з гэтай кнігі Старога Запавету і пачалася выдавецкая дзейнасць нашага першадрукара ў Празе.

Яшчэ ў старажытнасці Псалтыр стаў самай папулярнай часткай Свяшчэннага Пісання, выкарыстоўваўся хрысціянамі як для богаслужэння, так і для духоўнага чытання па-за храмам. Шырока ўжываўся таксама для навучання грамаце. Відаць, такая запатрабаванасць кнігі і стала прычынай таго, што Ф. Скарына выбраў яе ў якасці свайго першага выдання, распачаўшы тым самым цэлую серыю біблейскіх выданняў, якія выпусціў на працягу 1517—1519 гадоў.

Дата выхаду кнігі, ці, лепей сказаць, падпісання яе ў друк, дакладна вядома, бо выдавец засведчыў яе ў самім выданні. Сёння гэтая дата і лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання.

Таму віншуем усіх з Днём нараджэння беларускай друкаванай кнігі!

815